RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Бальніцы ў Асіповічах і Бабруйску адзначаць наваселлі ў 2019 і 2020 гадах

Больш за Br 100 млн. у 2019 годзе прадугледжана інвестыцыйнай праграмай Магілёўскай вобласці на самыя розныя будоўлі рэгіёна. Дзве з іх – бальніцы ў Асіповічах і Бабруйску.

Самы шматлікі па насельніцтве раён вобласці – Асіповіцкі – даўно заслугоўваў абзавесціся сучаснай бальніцай. Будоўля новага корпуса пачалася два гады таму. Ён вырас побач са старым будынкам бальніцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Іх злучыла пераходная галерэя. 

Аб’ект не просты: 5 паверхаў лячэбных, яшчэ адзін цокальны і адзін тэхнічны. Будоўлю плануецца завяршыць у верасні. Затым надыдзе чарга мантажу абсталявання. Дарэчы, камп’ютарны тамограф ужо на сваім месцы, пакуль у поліэтылене. І такога дарагога медыцынскага абсталявання ў раёне раней не было.

Наваселле адсвяткуюць перад навагоднімі святамі. У бальніцы будуць новыя магчымасці і новае аблічча. Дарэчы, знешні выгляд мясцовыя жыхары выбіралі самі – падчас грамадскага абмеркавання. Бальніцу ў Асіповічах упрыгожыць валошкавы фасад.

У наступным годзе ў Бабруйску плануюць адкрыць абноўленую гарадскую дзіцячую бальніцу. Пакуль жа медыкі і іх пацыенты размясціліся ў суседніх установах.

Грошы на рамонт і рэканструкцыю комплексу збіралі нават на спецыяльных акцыях, але, вядома, асноўнае фінансаванне – бюджэтнае: з абласной і гарадской казны. Сума перавышае Br 10 млн.

Будоўлю вядзе бабруйскае прадпрыемства – міжраённы домабудаўнічы камбінат. На пляцоўцы працуе 80 чалавек. Два будынкі паліклінікі і ўласна бальніцы даволі старыя. Адзін – 1963 года, другі – 1938-га. Рамонт пачаўся ў канцы мінулага года, і спачатку на пляцоўцы больш разбуралі: адслужылі свой век канструкцыі, вывозілі шматтоннае будаўнічае смецце і потым умацоўвалі сцены. Для ўзмацнення спатрэбілася 35 т жалеза. Зараз жа будаўнікі завяршаюць дах.

У абноўленай бальніцы будзе 150 месцаў, з іх 6 рэанімацыйных. Зробяць новыя ліфты і сістэму вентыляцыі. Але важныя не толькі сцены. Сучаснае начынне для дыягностыкі і лячэння – гэтага чакаюць медыкі.

Пакуль будоўля працягваецца. На ўсе працы адведзена максімум два гады. Паводле плана і пры дастатковым фінансаванніўжо ў першым квартале будучага года абноўленая дзіцячая бальніца ў Бабруйску адкрыецца.

Па матэрыяле ТРК «Магілёў»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая