RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Байцамі студатрадаў у Магілёўскай вобласці стала амаль 3 тыс. чалавек

Байцамі студатрадаў у Магілёўскай вобласці ў 2020 годзе стала амаль 3 тыс. чалавек. Пра гэта паведаміў першы сакратар абкама ГА «БРСМ» Уладзімір Паўлоўскі падчас злёту студэнцкіх атрадаў.

«Гэты працоўны семестр стаў непадобным на папярэднія. Эпідэміялагічная сітуацыя сур’ёзна паўплывала на жыццё нашага грамадства, у тым ліку на студатрадаўскі рух. Але мы задаволеныя вынікамі семестра, – сказаў Уладзімір Паўлоўскі. – Мы змаглі працаўладкаваць каля 3 тыс. студэнтаў– гэта не горш за паказчыкі 2019 года. Усяго ў нас 233 атрады: будаўнічыя, педагагічныя, вытворчыя, сэрвісныя, сельскагаспадарчыя, медыцынскія і экалагічныя. Нашы хлопцы выязджалі на будоўлі рэспубліканскага значэння, сярод якіх – будаўніцтва сацыяльна значных аб’ектаў у Астраўцы. Гэта добры вопыт для моладзі. Акрамя таго, што ў час канікул у моладзі ёсць магчымасць атрымаць якія-небудзь новыя веды, гэта яшчэ і магчымасць зарабіць, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі. Студатрады –гэта не толькі праца. Гэта жыццё, насычанае рознымі мерапрыемствамі: спартыўнымі, забаўляльнымі, інтэлектуальнымі».

У злёце прыняло ўдзел каля 30 хлопцаў і дзяўчат з усёй вобласці. Для іх падрыхтавалі насычаную праграму: разнастайныя майстар-класы і інтэрактывы. Акрамя гэтага, уручылі ўзнагароды найлепшым камандзірам, камісарам і байцам, штабам працоўных спраў устаноў адукацыі і найлепшым наймальнікам Магілёўскай вобласці па выніках трэцяга працоўнага семестра.

Студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Таццяна Дзенісенка ў гэтым працоўным семестры прымала ўдзел у міжнародным вытворчым праекце «Атлант 2020». «Гэта быў неверагодны вопыт. Мы працавалі на самім заводзе «Атлант», прымалі актыўны ўдзел у зборцы халадзільнікаў. Вядома, дзяўчынак не ставілі на складаную працу, але ўсё роўна адчувалася вялікая адказнасць. Тым больш што ў такім буйным праекце я ўдзельнічала ўпершыню, – расказала дзяўчына. – Студатрад –гэта практычна сям’я. Мы разам вучымся, разам працуем і адпачываем. Працоўны семестр прайшоў выдатна. Наш атрад заняў першае месца ў гэтым міжнародным праекце».

А вось студэнт Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Міхаіл Каралёў упэўнены, што праца ў студатрадзе – гэта вельмі важная справа. «Сёлета наш атрад прымаў удзел у будаўніцтве сацыяльна значных аб’ектаў у Астраўцы. Мы прыводзілі ў парадак вуліцы, удзельнічалі ў будаўніцтве бальніцы, дапамагалі ўзводзіць гандлёва-забаўляльныя цэнтры. Гэта была першая ўсебеларуская моладзевая будоўля, на якую я трапіў. Былі выдатна арганізаваны ўсе мерапрыемствы, не толькі па арганізацыі працы. І, здавалася б, пасля працоўнага дня сіл не павінна было заставацца. Але мы актыўна гулялі ў футбол і валейбол, прымалі удзел ва ўсіх забаўляльных мерапрыемствах, – падзяліўся малады чалавек. – Так праводзіць лета нашмат лепш, чым сядзець дома на канапе. Ты становішся ўдзельнікам важных падзей у жыцці краіны. І такой працай ганарышся не толькі ты, але і твае блізкія».

«Студатрадаўскае жыццё –гэта традыцыі і своеасаблівая рамантыка. Гэта магчымасць правесці лета з карысцю. І я магу сказаць, што той, хто адзін раз трапіў у студатрад, становіцца яго неад’емнай часткай. Выдатна, што наша моладзь актыўная і з радасцю прымае ўдзел у важных для нашай вобласці і ўсёй краіны справах», – адзначыў Уладзімір Паўлоўскі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая