RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Беларусь уводзіць абмежаванні ў правілы выезду з краіны ў сувязі з каранавірусам

Беларусь уводзіць абмежаванні ў правілы выезду з краіны праз наземныя межы ў сувязі з пандэміяй каранавіруса. Пастанова Савета Міністраў ад 7 снежня № 705 «Аб змене пастаноў Саўміна ад 8 красавіка 2020 г. № 208 і ад 30 кастрычніка 2020 г. № 624» апублікавана сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Дакумент прыняты ў мэтах прадухілення распаўсюджвання інфекцыі, якая выклікае захворванне COVID-19. «Часова прыпыніць перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь на выезд з Рэспублікі Беларусь грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, а таксама замежнікамі, якія маюць дазвол на пастаяннае або часовае пражыванне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», – адзначаецца ў пастанове.

Абмежаванне распаўсюджваецца на аўтадарожныя пункты пропуску, пункты спрошчанага пропуску, пункты пропуску на чыгуначных вакзалах і станцыях, а таксама ў рачных партах.

«У выключных выпадках, звязаных з надзвычайнымі абставінамі, а таксама ў мэтах забеспячэння нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь па рашэнні старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта або ўпаўнаважанай ім службовай асобы можа быць дазволена перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь на выезд з Рэспублікі Беларусь», – удакладняецца ў дакуменце.

Новаўвядзенне не закране дыпламатаў, вадзіцеляў-міжнароднікаў, камандзіраваных у іншую краіну, тых, хто адпраўляецца да цяжкахворых сваякоў або на пахаванне блізкіх, хто выязджае на працу або вучобу і іншых. Праўда, для двух апошніх выпадкаў існуе ліміт: такіх выездаў павінна быць не больш за адзін за паўгода.

Абмежаванні на ўезд не ўводзяцца, аднак патрабуюць «абавязкова знаходзіцца ў самаізаляцыі на працягу 10 каляндарных дзён з дня прыбыцця ў Рэспубліку Беларусь і не падлягаюць наступнаму пропуску праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь да заканчэння тэрміну самаізаляцыі». Акрамя таго, замежнікі, старэйшыя за шэсць гадоў, «павінны мець арыгінал або копію медыцынскага дакумента на папяровым носьбіце або ў электронным выглядзе, які пацвярджае адмоўны вынік лабараторнага даследавання на інфекцыю COVID-19». Патрабаванне не распаўсюджваецца на грамадзян, якія маюць дазвол на часовае або пастаяннае пражыванне на тэрыторыі краіны.

Пастанова ўступае ў сілу праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая