RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Беларуска-расійскае СП пад Санкт-Пецярбургам плануе вырабляць 2 тыс. ліфтаў на год

Беларуска-расійскае прадпрыемства «МЛМ Неўскі ліфт» плануе ў перспектыве вырабляць каля 2 тыс. ліфтаў на год, адзначыў міністр прамысловасці Беларусі Павел Уцюпін у эфіры тэлеканала АНТ.

Зборачная вытворчасць Магілёўскага ліфтавага абсталявання адкрылася ў расійскім горадзе Колпіна падчас VI Форума рэгіёнаў Расіі і Беларусі.

Вытворчасць наладжана па праграме супрацоўніцтва паміж урадамі Беларусі і Санкт-Пецярбурга. Больш за палову акцый (50,75%) належыць «Магілёўліфтмашу», астатняя частка (49,25%) – кампаніі «МЛМ Нява Трэйд». «На першапачатковым этапе мы плануем каля 1 тыс. ліфтаў збіраць. Падчас Форума рэгіёнаў быў заключаны дагавор на першыя 500 машынакамплектаў. У перспектыве мы хочам выйсці на вытворчасць 2 тыс. ліфтаў на год і дастаткова сур’ёзна пашырыць кампетэнцыю ў гэтай галіне», – сказаў Павел Уцюпін.

Акрамя таго, падчас форума расійская дзяржаўная карпарацыя «ЗЭБ.РФ», Банк Белзэб і БелАЗ падпісалі пагадненне аб падтрымцы экспарту сумеснай расійска-беларускай прадукцыі ў трэція краіны. «Гэта пачатак пілотнага праекта, які доўгі час абмяркоўваўся. БелАЗ з’яўляецца вельмі добрым прыкладам з пункту гледжання магчымасці такога супрацоўніцтва», – адзначыў міністр.

Павел Уцюпін таксама расказаў аб гатоўнасці беларускай прамысловасці да «індустрыі 4.0». «Мы ідзём эвалюцыйным шляхам, натуральна, рэагуючы на ўсе новаўвядзенні. Мы выдатна разумеем, што «індустрыя 4.0», лічбавізацыя – гэта сёння рэаліі часу, без якіх мы не зможам канкураваць у будучыні. Вядзём перамовы з адной кампаніяй, кампетэнтнай у гэтай галіне. Ёсць ідэя стварыць сумесна з адным з беларускіх прадпрыемстваў цэнтр кампетэнцый, каб атрыманы вопыт распаўсюджваць на канкрэтныя прадпрыемствы. Вызначаны два базавыя прадпрыемствы, на якіх мы будзем адпрацоўваць падыходы «індустрыі 4.0», каб потым іх тыражаваць», – праінфармаваў ён.

БЕЛТА
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая