RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Беларуска-Расійскі ўніверсітэт прыняты ў Асацыяцыю тэхнічных універсітэтаў

Беларуска-Расійскі ўніверсітэт прыняты ў Асацыяцыю тэхнічных універсітэтаў пры Маскоўскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя М. Э. Баўмана. Пра гэта паведамілі ў ВНУ.

Адпаведнае пасведчанне з рэгістрацыйным нумарам 158 уручана прадстаўнікам БРУ падчас правядзення ў Маскве канферэнцыі, прысвечанай дваццацігоддзю падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Удзел у асацыяцыі бясплатны. Сярод патрабаванняў да членаў арганізацыі – наяўнасць у ВНУ дзяржаўнай акрэдытацыі і профільных факультэтаў, вопыт у падрыхтоўцы тэхнічных кадраў.

«Сяброўства ў асацыяцыі – своеасаблівы паказчык узроўню універсітэта. У БРУ больш чым паўвекавая гісторыя падрыхтоўкі інжынерных кадраў. Створана разгалінаваная сістэма двухбаковых дагавораў аб партнёрстве, супрацоўніцтве і навуковым абмене з дзясяткамі ВНУ, – адзначылі суразмоўцы. – У межах асацыяцыі праводзіцца шмат мерапрыемстваў: навуковыя канферэнцыі, сходы навукоўцаў з партнёрскіх ВНУ, міжнародны абмен выкладчыкамі і студэнтамі. Гэта жывая, дзеючая арганізацыя, сяброўства ў якой прыносіць значныя бонусы ў выглядзе магчымасці больш шырокага супрацоўніцтва, зносін з калегамі, апублікавання навуковых прац за мяжой».

Асацыяцыя тэхнічных універсітэтаў была заснавана ў 1993 годзе па ініцыятыве вядучых тэхнічных універсітэтаў Расіі. Зараз у арганізацыю ўваходзяць таксама навучальныя ўстановы Беларусі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана, Арменіі, Украіны. Так, акрамя БРУ, нашу краіну тут прадстаўляюць Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П. В. Сухога і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы. Асацыяцыя праводзіць актыўную палітыку, накіраваную на аб’яднанне намаганняў навучальных устаноў па развіцці вышэйшай інжынерна-тэхнічнай адукацыі на аснове прагрэсіўных педагагічных ідэй, спалучэння найлепшых традыцый універсітэтаў і інжынернай школы.

Фото - bru.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая