RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Белстат агучыў першыя даныя перапісу: Магілёўская вобласць – самая малалікая

Насельніцтва Беларусі складае крыху больш за 9,4 млн чалавек. Такія першыя даныя праведзенага ў мінулым годзе перапісу агучыла журналістам старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева.

Колькасць насельніцтва Беларусі, паводле даных бягучага ўліку, на 1 кастрычніка 2019 года складала 9 454 790 чалавек, а паводле даных перапісу – 9 413 446 чалавек. «Розніца невялікая: колькасць у параўнанні з бягучым улікам значна не змянілася, няма вялікага разыходжання. Розніца ў 41 тыс. чалавек тлумачыцца, у асноўным, знешняй міграцыяй. Гэта тыя людзі, што больш за год працуюць за мяжой, куды з’язджаюць з сем’ямі, якія пры гэтым застаюцца на бягучым уліку. Па рэгіёнах асноўнае зніжэнне – з прычыны ўнутранай міграцыі», – адзначыла Іна Мядзведзева.

Карэкціроўка колькасці насельніцтва з дапамогай перапісу паказала прырост толькі ў Мінску і Мінскай вобласці. Дарэчы, сталіца стала ўжо горадам-двухмільённікам: у Мінску, паводле перапісу, пражывае больш за 2018 тыс. чалавек. Далей па колькасці ідзе сталічны рэгіён – звыш 1471 тыс., Гомельская вобласць – больш за 1388,5 тыс., Брэсцкая – больш за 1348 тыс., Віцебская – больш за 1135,7 тыс., Гродзенская – звыш 1026,8 тыс. Самая малалікая – Магілёўская вобласць з 1024,7 тыс. жыхароў. «Прырост па Мінску і вобласці абумоўлены тым, што ў гэтых рэгіёнах вышэй узровень даходаў, узровень жыцця. Адпаведна, сюды імкнуцца людзі з іншых рэгіёнаў», – дадала Іна Мядзведзева.

Пры гэтым яна падкрэсліла тэндэнцыю, характэрную для Мінска: пры натуральным змяншэнні насельніцтва тут усё роўна з года ў год удаецца дамагацца прыросту за кошт міграцыі.

Таксама сярод перапісаных асоб 20,5 тыс. замежнікаў, якія ў гэты час знаходзіліся ў Беларусі. Гаворка пра тых грамадзян, якія часова знаходзяцца: турысты, работнікі ў службовых камандзіроўках і г. д. Тыя ж замежнікі, якія больш за год пражываюць у Беларусі, пры перапісе ўключаліся ў лік жыхароў рэспублікі, гэта значыць яны ўваходзяць у агульную статыстыку насельніцтва.

Перапіс насельніцтва ў Беларусі праходзіў з 4 па 30 кастрычніка 2019 года пад лозунгам «Погляд на сучаснасць – крок у будучыню». На першым этапе можна было запоўніць апытальныя лісты самастойна па інтэрнэце, на стацыянарным участку ці нават на сваім працоўным месцы (па заяўцы арганізацыі на працу мабільных участкаў). Па хатніх адрасах перапісчыкі здзяйснялі абыходы з 21 кастрычніка, працавалі з выкарыстаннем планшэтаў. На працягу ўсяго перыяду працавала каля 650 стацыянарных участкаў.

«Упершыню перапіс праведзены на беспапяровай аснове, з выкарыстаннем IT-тэхналогій, мы былі першапраходцамі на тэрыторыі СНД. Ужыты камбінаваны падыход: інфармацыя з адміністрацыйных крыніц і апытанне насельніцтва. Прычым прапанавалі тры спосабы праходжання перапісу. Гэта маленькі трамплін для пераходу да рэгістравых перапісаў, якія сёння ўжо набіраюць абароты – іх ужываюць паўночныя краіны Еўропы, тая ж Швецыя», – адзначыла Іна Мядзведзева.

Падыходы, якія ўжыў Белстат, карыстаюцца попытам у іншых краін. У прыватнасці, імі ўжо зацікавіліся Расія, Таджыкістан, Узбекістан і Туркменістан. «Акрамя таго, інтэрнэт-перапісам зацікавілася ўпраўленне нацыянальнай статыстыкі Вялікабрытаніі. І запытала даныя па інтэрфейсе, якія мы падалі», – дадала Іна Мядзведзева.

Перапіс насельніцтва праводзіцца раз на 10 гадоў. У 2019 годзе рэспандэнтам прапанавалі адказаць на 49 пытанняў, у тым ліку пра асноўныя дэмаграфічныя і нацыянальна-этнічныя характарыстыкі, міграцыйную актыўнасць, адукацыю, крыніцы сродкаў да існавання, занятасць, колькасць дзяцей, жыллёвыя ўмовы, гаспадарчую дзейнасць.

Сабраная інфармацыя – своеасаблівы зрэз і фактычная дэмаграфічная карціна краіны. Яна можа паслужыць для карэкціроўкі дарожных карт маштабных дзяржпраграм, сацыяльных і інфраструктурных праектаў як у цэлым па краіне, так і ў асобных рэгіёнах, населеных пунктах.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая