RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Больш за 200 студэнцкіх атрадаў сфарміруюць у Магілёўскай вобласці

У Магілёве адбылося ўрачыстае адкрыццё трэцяга працоўнага семестра. У ім прынялі ўдзел першыя сакратары тэрытарыяльных камітэтаў БРСМ, камандзіры і камісары студэнцкіх атрадаў.

Мерапрыемства прайшло на пляцоўцы каля новага 7-га корпуса Беларуска-Расійскага ўніверсітэта не выпадкова. Бо ва ўзвядзенні гэтага аб’екта ў 2018 годзе дапамогу аказваў першы ў галіне Міжнародны студэнцкі атрад. У ім працавала моладзь з Магілёва, Разані і Смаленска.

«Прыемна, што студатрадаўскі рух у Беларусі дынамічна развіваецца, і наша моладзь не сядзіць дома склаўшы рукі, а заўсёды актыўная і гатовая прынесці карысць грамадству, – адзначыла другі сакратар абкама БРСМ Ганна Дашкевіч. – У гэтым сезоне ў вобласці плануецца сфарміраваць больш за 200 студэнцкіх атрадаў і задзейнічаць у іх каля 3 тыс. чалавек. Мы працуем у цесным тандэме з мясцовымі органамі ўлады, каб зрабіць праведзены ў студатрадзе час яркім і насычаным».

Ганна Дашкевіч пажадала студэнтам поспехаў і плённай працы, а таксама ўручыла працоўныя пуцёўкі тэрытарыяльным штабам па выкананні работ на сацыяльна значных аб’ектах.

Хоць толькі сёння дадзены афіцыйны старт трэцяму працоўнаму семестру, 17 студатрадаў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі (Горкі) ужо завяршылі сваю працоўную вахту, аказаўшы дапамогу ў правядзенні сельгасработ. Яшчэ 6 сэрвісных атрадаў прыступілі да працы ў Мінску па абслугоўванні II Еўрапейскіх гульняў. Таксама моладзь рэгіёна возьме ўдзел у сельгасработах у Мінскай, Гродзенскай і Віцебскай абласцях.

Абласной маладзёжнай будоўляй стане ўзвядзенне паліклінікі ў мікрараёне Казіміраўка, гарадской – будаўніцтва тут жа новай школы.

Пасля ўрачыстага адкрыцця працоўнага семестра для камандзіраў і камісараў правялі семінар-вучобу па арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў.

Тэкст – БЕЛТА

Фота - уласныя

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая