RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Больш за 300 тыс. жыхароў Магілёўскай вобласці прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку

У дзень рэспубліканскага суботніка – 20 красавіка – больш за 300 тыс. жыхароў Прыдняпроўскага краю прынялі ўдзел у работах па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў і на працоўных месцах. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім аблвыканкаме.

Так, у Магілёве працавала звыш 100 тыс. гараджан. Кіраўніцтва рэгіёна, работнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама і гарвыканкама былі задзейнічаныя на будаўнічай пляцоўцы новай школы ў мікрараёне «Казіміраўка». Яны займаліся добраўпарадкаваннем, уборкай смецця, бетоннымі і будаўнічымі работамі.

Кіраўніцтва абласнога цэнтра сумесна са старшынёй Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Ігарам Марзалюком, дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Вольгай Петрашовай і Аляксандрам Старавойтавым, дэпутатамі гарадскога Савета дэпутатаў працавалі на тэрыторыі радзільнага дома УАЗ «Магілёўская гарадская бальніца хуткай медыцынскай дапамогі», дзе зараз вядзецца рэканструкцыя.

Падчас суботніка працоўныя калектывы прадпрыемстваў горада на Дняпры пасадзілі дрэвы і хмызнякі ў парку «Падніколле», на развязачным аўтамабільным коле ў раёне ААТ «Магілёўліфтмаш», па вуліцах Фаціна, Каралёва, Арлоўскага, Маўчанскага. Работнікі арганізацый, навучэнцы былі занятыя навядзеннем санітарнага парадку ў паркавых зонах, скверах, ярах, уздоўж праезджай часткі аўтамабільных дарог, мастоў і пуцеправодаў, на прылеглых да спартыўных стадыёнаў тэрыторыях, у дварах жылых дамоў.

На суботнік таксама выйшла больш за 54 тыс. бабруйчан. Тут асноўнымі аб’ектамі былі рэканструюемы лячэбны корпус дзіцячай бальніцы, набярэжная ракі Бярэзіна, пустка ў раёне вул. Сікорскага, дзе прадстаўнікі 55 працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый высадзілі 750 дрэў. Таксама ў горадзе на Бярэзіне прыводзілі ў парадак тэрыторыі ў дварах, вакол устаноў аховы здароўя, адукацыі, прылеглыя да вытворчых і адміністрацыйных будынкаў, былога вайсковага шпіталя, размешчанага на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці. Каля 80 чалавек удзельнічалі ў падрыхтоўцы дзіцячага аздараўленчага лагера «Мара» да летняга сезона і інш.

Не менш маштабна суботнік праходзіў у раёнах Магілёўскай вобласці. Мясцовыя жыхары працавалі ў парках, скверах, зонах адпачынку ля вады, на спартыўных пляцоўках, аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны. Паўсюдна высаджвалі дрэвы і хмызнякі.

У Бялыніцкім раёне наводзілі парадак на малочна-таварных комплексах і фермах, грамадзянскіх могілках, уздоўж аўтамабільных дарог, ліквідавалі несанкцыянаваныя звалкі. Працоўныя калектывы добраўпарадкоўвалі мемарыяльны комплекс «Стэфанава», рамантавалі пляцоўку для міні-футбола на тэрыторыі Бялыніцкай СШ №2, арганізоўвалі месцы адпачынку каля рэк Друць і Ослік, паблізу базы «Глухарыны ток», возера Заазернае.

Найбольш важным аб’ектам на Быхаўшчыне стаў мемарыял вайсковай славы «Лудчыцкая вышыня». Супрацоўнікі райвыканкама, УКП «Жылкамгас», банкаўскія работнікі таксамаправялі санітарную ачыстку і добраўпарадкаванне парку, размешчанага каля сярэдняй школы №2. У Быхаве па вуліцах Касцевіча і Максіма Багдановіча высадзілі маладыя дрэвы.

У Горацкім раёне ў межах запланаваных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да раённага свята «Дажынкі-2019» падчас суботніка добраўпарадкоўвалі аграгарадок Рэкта. Навялі чысціню і на месцы масавага пахавання «Урочышча Белы Ручай».  

Глушчане бралі ўдзел у падрыхтоўцы аздараўленчых лагераў «Гарадок»і «Пціч» да летняга сезона, праводзілі рамонт і афарбоўку платоў, ставілі агароджы на малочна-таварных фермах.

У Дрыбінскім раёне ачышчалі тэрыторыю, прылеглую да возера Кропелька, наводзілі парадак на мехдварах сельскагаспадарчых ферм.

Кіраўніцтва і супрацоўнікі Кіраўскага райвыканкама сумесна з міністрам энергетыкі Віктарам Каранкевічам высадзілі 270 дрэў у дэндрапарку. Таксама ў рэгіёне праводзіліся работы па добраўпарадкаванні парку і аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Жыліцкага палацава-паркавага ансамбля, уладкаванні зоны адпачынку «Крынічка», санітарнай ачыстцы рэчышча ракі Любонка, уборка прыбярэжнай тэрыторыі вадасховішча «Чыгірынка». 

Працаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў Клімавіцкага раёна актыўна займаліся добраўпарадкаваннем і навядзеннем парадку на зямлі, азеляненнем горада і вёсак. Напрыклад, у аграгарадку Ціманава прадстаўнікі сельскага савета дэпутатаў, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, школьнікі высадзілі маладыя дрэўцы на землях агульнага карыстання паміж школай і раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. Старшыня праўлення «Белкаапсаюз» Валерый Іваноў разам з кіраўніцтвам раёна, прадстаўнікамі райста, аграрнага каледжа высадзіў туі каля помніка «Танк ІС-3».

На Клічаўшчыне традыцыйна ўладкоўвалі мемарыяльны комплекс «Усакіна». Па перыметры плошчы імя 30-годдзя Перамогі ў раённым цэнтры высадзілі дрэвы, а на выездзе з горада – заклалі сквер.

У Касцюковіцкім раёне наводзілі парадак на тэрыторыях 36 вайсковых пахаванняў і памятных знакаў, лесапалосах, уздоўж аўтамабільных дарог, пасадзілі 160 дрэў да памятнага знаку і брацкай магілы ва ўрочышчы «Баравец».

У Краснапольскім раёне важнымі аб’ектамі сталі помнік «Курган Славы» ў в. Завадак, святой крыніцы «Ясеневы гай», у Крычаўскім – воінскае пахаванне «Помнік ахвярам фашызму» ў в.Прудок. У раённым цэнтры таксама вялі работы па ўладкаванні алеі загінулым крычаўлянам у гады Вялікай Айчыннай вайны і прымеркаванай да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У Круглянскім раёне традыцыйна наводзілі парадак у раённым цэнтры і сельскіх населеных пунктах. Працоўныя калектывы аграпрамысловага комплексу, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўнічых арганізацый працавалі на рабочых месцах.  

У Магілёўскім раёне найбольш важнымі аб’ектамі сталі месцы вайсковай славы, пахавання воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны, курган памяці ў вёсцы Дубінка Вендаражскага сельскага Савета дэпутатаў, ДУА «Раённы дзіцячы аздараўленчы лагер «Каласок»», аграгарадкі і населеныя пункты раёна, месцы масавага адпачынку.

У Мсціслаўскім раёненаводзілі парадак на тэрыторыі «Кургана Славы»і помніка архітэктуры «Замкавая гара», гідралагічнага помніка прыроды «Кагальны калодзеж», добраўпарадкоўвалі пляжы «Пяты пясочак»і «Ластаўка», ажыццяўлялі санітарную ачыстку мікрараёна «Паўднёва-заходні».

Кіраўніцтва Асіповіцкага райвыканкама, райсавета дэпутатаў сумесна з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, членам Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Аляксандрам Багдановічам прынялі ўдзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі, прылеглай да тэрапеўтычнага корпуса мясцовай бальніцы, які будуецца.

Найбольш важным аб’ектам суботніка ў Слаўгарадскім раёне стаў аграгарадок Лясная. Тут абсталявалі дзіцячую пляцоўку, правялі бягучы рамонт і афарбоўку агароджаў.

У Хоцімскім раёне ў суботніку ўзялі ўдзел звыш 3,7 тыс. чалавек, у Чавускім – больш за 6 тыс. 

У Чэрыкаве падчас працоўнай акцыі заклалі парк па вул. Калініна. Удзел у мерапрыемстве прыняў ветэран працы, Ганаровы грамадзянін раёна Андрэй Мядзведзеў.

На Шклоўшчыне добраўпарадкоўвалі мемарыяльны комплекс «Памяць»і галоўны парк райцэнтра, наводзілі парадак на малочна-таварных комплексах, у аздараўленчым лагеры «Космас». Сіламі БРСМ і работнікаў райвыканкама было высаджана больш за 6 тыс. соснаў.

Фота ўласныя і прадастаўленыя раённымі, галіновымі газетамі, рэгіянальнымі інтэрнэт-рэсурсамі Магілёўскай вобласці

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая