RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Больш за 8 тыс. школьнікаў Магілёўскай вобласці аздаровіцца на восеньскіх канікулах

У Магілёўскай вобласці на асенніх канікулах аздаровіцца больш за 8 тыс. дзяцей. Пра гэта паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ірына Кускова.

Восеньскія канікулы ў гэтым навучальным годзе будуць доўжыцца з 31 кастрычніка па 7 лістапада ўключна. За гэты час у школах і гімназіях рэгіёна аздаровіцца больш за 8 тыс. навучэнцаў, у тым ліку амаль 7,3 тыс. – на базе ўстаноў адукацыі ў лагерах з дзённым знаходжаннем.

Па словах Ірыны Кусковой, прышкольныя лагеры застаюцца адной з самых папулярных формаў аздараўлення навучэнцаў і заўсёды запатрабаваны ў канікулярны перыяд. Тут арганізаваны рацыянальны распарадак дня, збалансаванае харчаванне і аптымальны рухальны рэжым. Штодзённая праграма ўключае спартыўна-аздараўленчую актыўнасць, прагулкі і гульні на свежым паветры, пешаходныя маршруты.

«Для хлопцаў і дзяўчат, якія наведваюць лагеры з дзённымі знаходжаннем, запланаваны шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку экскурсіі па памятных і гістарычных мясцінах, наведванне музеяў, тэатраў і кіно, – удакладніла намеснік начальніка. – Асаблівы акцэнт будзе зроблены на грамадзянска-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, у тым ліку па тэме генацыду. Гэты кірунак працы лёг у аснову рэгіянальнага праекта #Мая_Зямля_Прыдняпроўе. Значная ўвага будзе нададзена духоўна-маральнай асвеце».

У прыярытэце таксама фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне ў дзіцяці здаровага ладу жыцця, у іх ліку розныя спаборніцтвы і эстафеты. «Установы адукацыі будуць працаваць шырокамаштабна, каб забяспечыць занятасць дзяцей. На гэтых канікулах да іх актыўна далучацца прадстаўнікі сілавых структур, аховы здароўя, культуры. Яны зробяць акцэнт на прафілактыцы дзіцячага траўматызму, супрацьпраўных паводзін і інш. Такім чынам, праца будзе выбудоўвацца ў міжведамасным дыяпазоне», – заключыла яна.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая