Больш за тысячу лампад запаляць сем'і работнікаў ААТ «Магілёўліфтмаш» у гонар загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Мерапрыемства пройдзе напярэдадні Дня Перамогі і стане часткай патрыятычнай акцыі «Агонь доблесці і памяці: 80 гадоў свабоды», расказалі на прадпрыемстве.
«Ініцыятыва належыць нашай моладзі і прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, - адзначыла выконваючы абавязкі начальніка бюро па ідэалагічнай працы Юлія Жукава. - Увечары 7 мая ў прадпрыемства збяруцца нашы працаўнікі разам са сваімі сем'ямі. Яны запаляць больш за тысячу лампад, якімі выкладуць на асфальце святочную кампазіцыю з выявай танка, Чырвонай Зоркі і памятным надпісам. Пасля чаго адбудзецца хвіліна маўчання ў гонар герояў, якія заваявалі Вялікую Перамогу. У завяршэнні сіламі нашай самадзейнасці будзе падрыхтаваны імправізаваны святочны канцэрт».
Па словах Юліі Жукавай, патрыятычная акцыя праходзіць упершыню, хаця ідэя лунала ў працоўным калектыве ўжо даўно. «Такія мерапрыемствы лепш за ўсё паказваюць адзінства нашага грамадства ў патрыятычным парыве, захаванні гістарычнай памяці, беражлівым стаўленні да подзвігаў нашых дзядоў і прадзедаў у Вялікай Айчыннай вайне, - дзеліцца яна. - Бо страшныя падзеі тых гадоў закранулі практычна кожную беларускую сям'ю і пакінулі ўспаміны, якія беражліва захоўвае народная памяць. Наша задача - не дапусціць паўтарэння гэтай вайны, не дазволіць уціскаць наш народ, які хоча мірна жыць і працаваць на роднай зямлі. Нам ёсць што берагчы і бараніць. Менавіта таму такія акцыі важныя і патрэбныя, каб яшчэ раз пра гэта нагадаць”.
У сям'і Юліі Жукавай родныя не ваявалі, аднак сталі відавочцамі і сведкамі падзей тых гадоў. Бабуля і дзядуля ў 1941 годзе былі яшчэ дзецьмі, але, нягледзячы на свой малалетні ўзрост, выразна і яскрава памятаюць жахі вайны.
«Бабуля шмат расказвала пра вайну і пра тое, што нашай сям'і прыйшлося перажыць, - адзначае спецыяліст. - Напрыклад, цэлай вечнасцю для яе сталі гадзіны, праведзеныя ў замкнёнай адрыне, дзе апроч яе бацькоў сабралі і іншых аднавяскоўцаў. Нейкім цудам гэтых людзей не спалілі жыўцом падчас адной з карных аперацый. Памятае яна, як беглі з роднай хаты ад відавочнай смерці, перапраўляліся на плытах па рацэ, каб як мага далей схавацца ад ворага».
«Сёння гэтыя падзеі падаюцца нечым нерэальным і нечалавечым, аднак усё гэта адбывалася на нашай зямлі і з нашымі людзьмі, - працягвае Юлія Жукава. - Калі чуеш аб вайне з вуснаў сваіх родных і блізкіх, усведамляеш гэта і прымяраеш на сучасныя рэаліі, становіцца не па сабе ад праяўленага акупантамі цынізму і жорсткасці. Як такое магло адбывацца насамрэч? Чым кіраваліся захопнікі ў сваіх амаральных дзеяннях і ўчынках? Менавіта таму ўсе мы, увесь беларускі народ, сустракаем Дзень Перамогі з асаблівым трапятаннем і падзякай нашым ветэранам за мірнае неба над галавой, магчымасць жыць у незалежнай і квітнеючай краіне».
Паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях Марыі Кананковай, прадпрыемства робіць вялікі ўклад у захаванне гістарычнай памяці аб подзвігу ваенных гадоў.
«Вядзецца праца з замацаванымі ветэранамі - былымі працаўнікамі прадпрыемства, якіх на сёння засталося ўсяго 19, - адзначае яна. - На працягу года мы аказваем ім усебаковую падтрымку - дапамагаем ва ўборцы снегу на прыдамавых тэрыторыях, закупляем дровы і харчовыя наборы, наведваем ва ўстановах аховы здароўя. Акрамя таго, наводзім парадак на пахаваннях часоў вайны, праводзім розныя акцыі і тэматычныя мерапрыемствы. Напрыклад, сёлета да 80-годдзя вызвалення Беларусі адкрыем мемарыяльную дошку першаму дырэктару Магілёўскага ліфтабудаўнічага завода, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Васілю Іванавічу Іорыну. Наша задача - шанаваць і памятаць падзеі тых гадоў, а таксама выхоўваць на гэтым гераічным мінулым падрастаючае пакаленне».
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
24.02.2025 - 15:15
Новая экасцежка з'явіцца ў Год добраўпарадкавання ў кожным лясгасе Магілёўскай вобласці
21.02.2025 - 12:58
Магілёўская абласная арганізацыя РГА «Белая Русь» падвяла вынікі дзейнасці за 2024 год
21.02.2025 - 12:45
Выпускные экзамены у девятиклассников пройдут в школах со 2 по 13 июня
21.02.2025 - 10:46
21.02.2025 - 10:40
Візітка для турзлёту магілёўскай арганізацыі перарасла ў патрыятычны праект да 80‑годдзя Перамогі
21.02.2025 - 09:52
Магілёў уваходзіць у тройку самых азелянёных абласных цэнтраў