У Магілёўскай вобласці праходзяць вучэнні маладзёжных атрадаў аховы правапарадку. Сёння майстар-класы для моладзі прыняў горад Бялынічы.
Удзельнікамі трэніровак сталі каля 40 чалавек - дзяўчаты і хлопцы з мясцовага атрада «Патрыёт». Цягам дня яны адпрацоўвалі простыя навыкі самаабароны і рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі. Рабяты падзяліліся, што ўсе атрыманыя навыкі ім могуць спатрэбіцца, бо наперадзе летнія вакацыі і акцыя «Летні патруль», падчас якой бялыніцкая моладзь разам з праваахоўнікамі будзе патруляваць вуліцы населеных пунктаў, дапамагаць у забеспячэнні правапарадку падчас масавых мерапрыемстваў, сачыць за бяспекай людзей у вадаёмаў і многае іншае.
Урокі па самаабароне давалі супрацоўнікі мясцовага РАУС. Як адзначыў аператыўны супрацоўнік Бялыніцкага РАУС Кірыл Старавойтаў, у экстранай сітуацыі хлопцам могуць спатрэбіцца розныя навыкі і ўменні. «Напрыклад, той самы лёгкі прыём самаабароны. Калі раптам здарыцца так, што іх нехта захопіць, яны будуць ведаць, што трэба рабіць, каб вызваліцца і збегчы ад нападаючага. Ім не трэба зараз праходзіць поўны курс, асобных элементаў будзе дастаткова. Акрамя гэтага, мы вучым хлопцаў ацэньваць сітуацыі, а не проста кідацца наперад. Расказваем пра тое, што найперш важна захаваць сваё жыццё і здароўе, а аказваць дапамогу людзям толькі ў тым выпадку, калі разумееш, што ў тваіх сілах нешта зрабіць. Расказваем і пра тое, як сябе паводзіць, калі няма магчымасці аказаць дапамогу самастойна», - распавёў ён.
Актыўна трэніравалася сёння ўдзельніца маладзёжнага атрада аховы правапарадку «Патрыёт» Валерыя Аленюк. Дзяўчына расказала, што ў будучым хацела б паступаць у Акадэмію МУС. «А таму атрад аховы правапарадку - гэта прыступка на шляху да маёй мары. Тут можна даведацца шмат карыснага: як рэагаваць на розныя парушэнні, што рабіць, калі здарылася надзвычайная сітуацыя. І нават калі чалавек не плануе звязваць сваё жыццё з працай у праваахоўных органах, гэтыя веды і ў звычайным жыцці дакладна не будуць лішнімі», - распавяла яна.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая