Чым далей адыходзіць вайна, тым бліжэй успаміны пра яе. Такім меркаваннем падзяліўся старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка падчас размовы з удзельнікамі міжнароднага маладзёжнага ваенна-патрыятычнага праекта «Дарогамі Памяці і Славы» ў комплексе «Усакіна» ў Клічаўскім раёне.
«Калі паглядзець на тое, што сёння робіцца ў свеце, то ўсё большае значэнне набываюць ваенныя гады і перамога, якую заваявалі нашы дзяды, - падкрэсліў старшыня аблвыканкама. - Таму ўсё большая ўвага надаецца захаванню гістарычнай праўды. Гэта парадаксальна, але чым далей сыходзіць вайна, тым бліжэй успаміны пра яе. Асабліва востра гэта адчуваецца на фоне падзей вакол Беларусі і Расіі. Сёння нашы краіны як ніколі блізкія, і тыя саюзныя праграмы, наша духоўная спадчына і адзінства, славянскія карані сталі падмуркам нашых адносін. Так, можна казаць пра эканоміку і палітыку, але асноўнае - гэта наша духоўнасць і славянскае адзінства».
Паводле слоў Анатоля Ісачанкі, усе гэтыя асноўныя ідэі адбіліся ў маладзёжным праекце «Дарогамі Памяці і Славы». «Яго ўдзельнікі не толькі дакрануцца да гістарычных момантаў і месцаў баявой славы, якімі багатая магілёўская зямля, але таксама ўбачаць нашу самабытнасць, культуру і гасціннасць, пазнаёмяцца паміж сабой, - працягнуў старшыня аблвыканкама. - І гэтая моладзь - наша будучыня, наш залаты запас, без якога немагчыма далейшае развіццё дзяржавы. Сёння Беларусь і Расія разам, мы непадзельныя - і ў гэтым заключаецца наша духоўнасць і сіла».
Праект праводзіцца ўжо другі раз, і ён перарос з абласнога фармату ў міжнародны, аб'яднаўшы сёлета больш за 60 чалавек - моладзь з Магілёўскай, Смаленскай, Бранскай, Ленінградскай, Астраханскай абласцей, а таксама Хабараўскага краю. Ініцыятыва стартавала 22 чэрвеня а 4-й раніцы на Буйніцкім полі, знакавым для ўсяго беларускага народа месцы доблесці і воінскай славы. Праграма разлічана на 9 дзён - час, за які ўдзельнікі праедуць па ўсім рэгіёне. Дзеці наведаюць памятныя і гістарычныя мясціны, паўдзельнічаюць у круглых сталах і тэматычных сустрэчах, розных патрыятычных акцыях і мітынгах. Першы дзень праекта завяршыўся ва Усакінскіх лясах. Тут хлопцы пагутарылі са старшынёй аблвыканкама, усклалі кветкі на комплексе партызанскай славы, ушанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Яны таксама ўбачылі рэканструкцыю бою і пачаставаліся салдацкай кашай.
Анатоль Ісачанка выказаў упэўненасць у тым, што з кожным годам гэты праект будзе толькі пашырацца, прырастаць новымі рэгіёнамі і насычацца яркімі падзеямі. Акрамя таго, ён падкрэсліў актуальнасць гэтай ініцыятывы: «Перамога ў нас адна, і старэйшае пакаленне памятае пра яе, бо яно датыкалася да ўдзельнікаў і відавочцаў падзей ваенных гадоў - тых, хто быў на фронце, у тыле або вязнем фашысцкай няволі. Зносіны з гэтымі людзьмі прывілі нам самае галоўнае: мы заўсёды шануем і паважаем іх подзвіг. На жаль, цяперашняя моладзь амаль не размаўляла з ветэранамі, якіх становіцца ўсё менш. Такія мерапрыемствы даюць магчымасць памятаць пра тую Вялікую Перамогу, якую заваявалі нашы бацькі і дзяды. Але мы не толькі павінны памятаць і ганарыцца гэтым, наша задача і святы абавязак - захаваць тое, што яны заваявалі, а таксама зрабіць так, каб ніхто і ніколі не мог замахнуцца на нашу свабоду і незалежнасць. Упэўнены, перамога заўсёды будзе за намі».
Ініцыятарам міжнароднага маладзёжнага ваенна-патрыятычнага праекта «Дарогамі Памяці і Славы» выступіў Магілёўскі абласны камітэт БРСМ пры асабістай падтрымцы старшыні аблвыканкама Анатоля Ісачанкі.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
23.04.2025 - 09:25
Магілёўская вобласць па выніках работы за 2024 год будзе занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару
22.04.2025 - 16:35
18.04.2025 - 20:26
18.04.2025 - 09:11