RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Чым кормяць на свяце «Купалле» ў Александрыі

На Рэспубліканскім свяце «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») разгарнуліся рэкордна маштабныя гандлёвыя рады, дзе кожны гурман знойдзе сабе пачастунак па гусце. У любым павільёне не проста смачна кормяць і пояць, але і яшчэ робяць гэта хораша.

— У нас ёсць свая сетка пад назвай  «Залаты колас». Заўсёды з задавальненнем удзельнічаем у выязных мерапрыемствах, у прыватнасці, прыязджаем на «Купалле», - кажа начальнік гандлёвага аддзела прадпрыемства «Талачынскі Элеватар-Агра» Марына Жорава. - Лепш за ўсё разыходзяцца стравы беларускай кухні. Па традыцыі прывозім вельмі шмат бульбяных пачастункаў. Часта купляюць марожанае, замежнікі дзясяткамі бяруць нашы кансервы. Сваё працоўнае месца імкнемся максімальна ўпрыгожыць. Сёння наш інтэр'ер адлюстроўвае купальскую тэматыку, работнікі сустракаюць гасцей у беларускіх нацыянальных уборах, а на ўваходзе вісіць галоўны дзяржаўны атрыбут - сцяг.

Вялізныя чэргі ля «пранічнай хаткі». Таццяна Міхалап з Кіраўскага райспажыўтаварыства ледзь паспявае надаць нам некалькі хвілін у паўзе паміж пакупнікамі:

- Прывезлі 1300 сувенірных пернікаў ручной працы агульнай вагой 200 кілаграмаў, якія стваралі кандытары ўсіх раёнаў Магілёўскай вобласці. Адзінкавыя важаць ад 50 да 750 грамаў, але ёсць цэлыя сувенірныя наборы. Здаецца, прадукцыі шмат, а насамрэч разбіраюць момантам. Нават сабе не паспяваем нешта купіць - банальна не застаецца. Пернікі вельмі смачныя, даступныя па кошце (ад 1,5 да 6 рублёў), а яшчэ яны неверагодна прыгожыя. Распісаны на купальскую тэматыку і ў колеры беларускай сімволікі. Людзі купляюць на падарунак блізкім як смачнае прывітанне з Александрыі. Чаму не?! Тэрміны захоўвання вялікія, 20 сутак.

 СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая