Рус Бел Eng 中文

Чым спадабалася маладой сям’і з Масквы беларускае сяло

Яна – карэнная масквічка. Ён нарадзіўся пад Кіевам, але з бацькам-вайскоўцам паспеў аб’ехаць ледзь не ўвесь былы Саюз. Маладыя, паспяховыя, актыўныя, з дасканалым веданнем англійскай, Максім і Юля працавалі перакладчыкамі. На працы – у рэжыме анлайн – і пазнаёміліся. А калі зразумелі, што звязвае іх не толькі агульная справа, але і сур’ёзнае пачуццё – пажаніліся. Каля месяца муж і жонка Мароз пражылі ў Маскве, прыкладна столькі ж – у Падмаскоўі. А потым па інтэрнэце знайшлі аб’яву аб продажы дома ў Беларусі і перабраліся ў краіну, з якой у іх «здарылася любоў з першага погляду» – у аграгарадок Ланькава Бялыніцкага раёна.

Максіму Марозу – 39 гадоў, яго жонцы Юлі – 35. Іх дачцэ Алісе нядаўна споўнілася 5 гадоў. Яна нарадзілася ўжо ў Беларусі. І тут ёй вельмі падабаецца.

– Звычайна гарадскія дзеці на лета ездзяць да бабуль у вёску, а ў нас усё наадварот – мы да маёй мамы з мужам і Алісай катаемся ў Маскву. Праўда, цяпер з гэтым праблема. Але калі сітуацыя стабілізуецца і каранцін здымуць, маскоўская радня нас наведае. Вядома, мае блізкія (а ў Белакаменнай засталіся мама, тата, брат і бабуля) спачатку былі не ў захапленні ад таго, што я, маючы вышэйшую адукацыю, добрую працу, раптам вырашыла з’ехаць са сталіцы, куды ўсе так імкнуцца, за «трыдзевяць зямель», ды яшчэ ў вёску. Але адгаворваць не сталі.

У Беларусі да гэтага Юля была ўсяго адзін раз, праездам:

– Калі мы з Максімам вырашылі пабачыцца не па скайпе, а ўжывую, я рванула да яго ва Украіну – за 950 кіламетраў. А калі абодва зразумелі, што не хочам больш расставацца, пажаніліся і ўсім «табарам» заявіліся да маіх бацькоў – я, Макс і два нашы аляскінскія маламуты. У маскоўскай кватэры стала цеснавата, і неўзабаве мы з мужам з’ехалі ў Падмаскоўе, на дачу. Але там круглы год жыць немагчыма. Вось і задумаліся: што далей? Узнікла ідэя купіць уласны домік у Беларусі. Мы праз гэтую краіну ў Маскву з Украіны вярталіся і ўлюбіліся ў яе з першага погляду: яна ўтульная, акуратная – дамашняя, ці што.

Ні радні, ні сяброў ні ў Юлі, ні ў Максіма ў Беларусі не было. Але гэта іх не бянтэжыла:

– Сябры – справа нажыўная. І яны ў нас у Ланькава ўжо з’явіліся. Мясцовыя нас добра прынялі. Хоць спачатку не разумелі, навошта гараджане перабраліся на сяло, калі нават агародам абзаводзіцца не збіраюцца. Зразумелі, калі мы ўзялі коней. Дарэчы, мясцовая ўлада нам дапамагла – сельсавет вылучыў у арэнду 18 гектараў зямлі, дзе сёння і пасуцца наш конь Лакі і два поні Толік і Смайлік.

Любоў да коней у Юлі з дзяцінства – у Маскве наведвала коннаспартыўную школу. Па першай спецыяльнасці яна біёлаг – скончыла Расійскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт МСГА імя Ціміразева. Па другой – зоапсіхолаг. Перабраўшыся ў вёску, цяпер на пару з сяброўкай дае анлайн-кансультацыі па дрэсіроўцы сабак (у Юлі з Максімам іх тры). У Ланькава Марозы адкрылі аграсядзібу «Панівіль»: дзеці з усёй акругі прыязджаюць да іх катацца на конях. Яшчэ адно Юліна захапленне – спевы, яна ўдзельніца ансамбля «Медуніца», што працуе пры сельскім клубе. Хобі Максіма (яно і яго афіцыйная праца) таксама творчае. Ён у Бялынічах вядзе дзіцячы гурток мадэлявання.

У іх невялікім – усяго 40 жылых «квадратаў» – доміку адзін пакой і кухня.

– Умовы спартанскія, але мы яшчэ на этапе выбару жылля асаблівых прэтэнзій не прад’яўлялі – запэўніваюць супругі. – Пажаданні былі такія: каб не занадта далёка ад Масквы (максімум кіламетраў 650), каб быў інтэрнэт, які дае магчымасць працаваць дыстанцыйна, і, вядома, мінімальныя даброты цывілізацыі. Калі пераязджалі ў Беларусь, не разумелі розніцы паміж вёскай і аграгарадком. Цяпер бачым. У аграгарадку ёсць усё, што трэба для жыцця: стацыянарная крама, пошта, клуб, дзіцячы сад... На вуліцы – асфальт, у доме – водаправод. Цяпер вось газ павінны падвесці.

Многае Максім робіць сваімі рукамі: адрамантаваў адрыны, паставіў стайню для гадаванцаў. Гэтым летам хоча ўцяпліць другі паверх, зрабіць мансарду, каб пашырыць жылплошчу. У астатнім перасяленцы ўсім задаволеныя. Кажуць, у Беларусі ім, Марозам, камфортна і цёпла.

СБ, фота Андрэя Сазонава

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая