RU BY EN 中文
Twitter Instagram

ЦТ па беларускай мове ў Магілёўскай вобласці плануе здаваць больш за 1,9 тыс. чалавек

Сёння па ўсёй краіне стартуе цэнтралізаванае тэставанне, якое пачынаецца экзаменам па беларускай мове. Праверыць веды па названым прадмеце ў Магілёўскай вобласці плануе 1 954 чалавекі. Пра гэта паведаміў начальнік рэгіянальнага цэнтра тэставання Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Аляксандр Даўгалёў.

У цэлым з улікам таго, што дазволена здаваць чатыры прадметы, чалавека-тэстаў, якія з’яўляюцца адным з асноўных паказчыкаў, зафіксавана 29 205, удакладніў суразмоўца. Больш за ўсё жадаючых здаваць рускую мову і матэматыку – 7 655 і 4 382 абітурыенты адпаведна. На трэцім месцы біялогія – 3 213 чалавекі.

Веданне англійскай мовы будзе правяраць 2 795 абітурыентаў, нямецкай – 400, французскай – 85, іспанскай – 11. На фізіку зарэгістравалася 2 676 хлопцаў і дзяўчат, гісторыю Беларусі – 2 164, грамадазнаўства – 1 844, хімію – 1 729, геаграфію – 149, сусветную гісторыю – 148.

Аляксандр Даўгалёў адзначыў, што парадак правядзення цэнтралізаванага тэставання сёлета застаецца ранейшым. Абітурыентам трэба своечасова прыйсці – за 30 хвілін да пачатку тэставання. Пры сабе неабходна мець пропуск на ЦТ, які выдаецца пры рэгістрацыі, пашпарт або іншы дакумент, які сведчыць асобу (від на жыхарства, пасведчанне бежанца), гелевую або капілярную ручку з чорным чарнілам.

Нельга прыносіць з сабой тэлефоны і іншыя прылады, якія перадаюць, прымаюць і захоўваюць інфармацыю. Выключэнне зроблена толькі для калькулятара і толькі на ЦТ па фізіцы і хіміі. Падчас тэставання нельга мяняцца месцамі, экзаменацыйнымі матэрыяламі, прасіць аб дапамозе іншых людзей для выканання тэставых заданняў. Калі ў абітурыента ўзнікла пытанне, то ён можа звярнуцца да камісіі. Наступнае ЦТ, па рускай мове, абітурыенты будуць здаваць 13 чэрвеня.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая