RU BY EN 中文
Twitter Instagram

ЦТ па гісторыі Беларусі ў Магілёўскай вобласці мае намер здаваць больш за 2,1 тыс. чалавек

Сёння ў Беларусі пройдзе цэнтралізаванае тэставанне па гісторыі Беларусі. У Магілёўскай вобласці на ЦТ па гэтым прадмеце зарэгістравалася больш за 2,1 тыс. чалавек, паведаміў начальнік рэгіянальнага цэнтра тэставання Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Аляксандр Даўгалёў.

Паводле слоў суразмоўцы, правяраць свае веды па гісторыі Беларусі абітурыенты будуць у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. А. Куляшова, Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі (Горкі), філіяле БНТУ «Бабруйскі дзяржаўны аўтатранспартны каледж» і Клімавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы.

Экзамен пачнецца ў 11.00. Абітурыентам трэба своечасова прыйсці – за 30 хвілін да пачатку тэставання. Пры сабе неабходна мець пропуск на ЦТ, які выдаецца пры рэгістрацыі, пашпарт або іншы дакумент, які сведчыць асобу (від на жыхарства, пасведчанне бежанца), гелевую або капілярную ручку з чорнымі чарніламі.

Аляксандр Даўгалёў нагадаў, што нельга прыносіць з сабой тэлефоны і іншыя прылады, якія прымаюць і захоўваюць інфармацыю. Выключэнне зроблена толькі для калькулятара і толькі на ЦТ па фізіцы і хіміі. Падчас тэставання нельга мяняцца месцамі, экзаменацыйнымі матэрыяламі, прасіць аб дапамозе іншых людзей для выканання тэставых заданняў. Калі ў абітурыента ўзнікла пытанне, то ён можа звярнуцца да камісіі.

У Магілёўскай вобласці за парушэнне правілаў парадку правядзення ЦТ – пранос мабільнага тэлефона – былі выдалены два абітурыенты з экзаменаў па замежнай мове і фізіцы.

Наступнае ЦТ, па геаграфіі, пройдзе 29 чэрвеня.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая