RU BY EN 中文
Twitter Instagram

ЦВК Беларусі правяла першае пасяджэнне ў абноўленым складзе

Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў сёння правяла першае пасяджэнне ў абноўленым складзе.

На пасяджэнні кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сяргеенка прадставіў членам выбаркама новага старшыню Ігара Карпенку. Ён таксама выказаў словы падзякі за доўгую працу на гэтай пасадзе Лідзіі Ярмошынай.

Падчас мерапрыемства быў абраны намеснік старшыні ЦВК – ім стаў дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў, а таксама сакратар ЦВК. Гэту пасаду на прафесійнай аснове заняла Алена Балдоўская. Раней яна працавала начальнікам упраўлення арганізацый прававога абслугоўвання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінскага аблвыканкама.

Як паведамлялася, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 снежня прызначыў Ігара Карпенку старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. На гэту пасаду яго рэкамендавалі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка і намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка.

17 снежня Савет Рэспублікі даў згоду на прызначэнне Ігара Карпенкі старшынёй ЦВК. У гэты ж дзень адбыліся выбары новых членаў Цэнтрвыбаркама. Таемным галасаваннем аднагалосна абраны Андрэй Гуржы, Вольга Дарашэнка, Алена Кунцэвіч, Аляксандр Ласякін, Аляксандр Ткачоў, Кацярына Фядосенка.

Ігар Карпенка адзначыў, што неабходна прааналізаваць вопыт нашай краіны і замежны, для таго каб выбудаваць нацыянальную выбарчую сістэму ў інтарэсах грамадства і суверэннай дзяржавы.

«Я не па чутках ведаю гэту працу, таму што працаваў у камітэтах гарадской камісіі, доўгі час удзельнічаў у працы ўчастковых камісій у якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў. На гэты пост я абіраўся двойчы, таму ўвесь выбарчы працэс я бачыў і з другога боку. І разумею ўвесь гэты працэс, як ён працуе знутры. Таму з апорай на новую каманду, на членаў камісіі, на апарат усе зацікаўленыя бакі выбарчага працэсу будуць выконваць сваю працу сумленна, добрасумленна, у адпаведнасці з нашай Канстытуцыяй і заканадаўствам», – сказаў новы кіраўнік ЦВК падчас выступлення ў Савеце Рэспублікі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая