RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Да будаўніцтва другой чаргі пуцеправода-дублёра вуліцы Якубоўскага – Загарадная шаша прыступілі ў Магілёве

Для будаўніцтва дарогі на ўчастку працягласцю 1 км 700 метраў будаўнікам прыходзіцца зносіць буйны гаражны масіў і частку дамоў жылога прыватнага сектара.

Як адзначыў вытворца работ філіяла ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст № 3» ДБУ-14 Сяргей Фамін, працы на другім этапе будаўніцтва новай дарогі ідуць згодна з зацверджаным графікам. У межах рэалізацыі праекта пад знос ідзе каля 1 тыс. гаражоў, а таксама 15 сядзібных падворкаў у пасёлку Загорскі.

– Да зносу гаражоў прыступілі ў канцы ліпеня, на сённяшні дзень знеслі каля 40%, а таксама два падворкі. Работы ў гэтым кірунку будуць працягнуты. Чакаем пакуль людзі пераселяцца ў «новае» жыллё, – кажа ён.

Сяргей Фамін расказаў, што будаўнікі паралельна з падрыхтоўчым этапам, які ўключае ў сябе дэмантаж будынкаў і збудаванняў, перанос ліній сувязяў, інжынерных сетак, стварэнне насыпу вышынёй да 12 метраў, вядуць работы па ўкладцы «дарожнага адзення».

Новая дарога будзе ўяўляць сабой шматслаёвы пірог, зверху пакрыты трывалым бетонам. Шырыня палатна будучай шасціпалоскі складзе 26 метраў. З’явіцца тут і сучасная інфраструктура з вела- і пешаходнымі дарожкамі, а таксама з падземным тунэлем.

Побач з дарогай размяшчаецца пасёлак Гарадшчына, і, каб абараніць жыхароў ад шуму, будаўнікі ўсталююць спецыяльныя шумаахоўныя экраны вышынёй каля 4 метраў і працягласцю каля 1,5 км. Гэтыя работы плануюць выканаць да канца лістапада гэтага года.

Нагадаем, што на другім этапе будаўніцтва новая дарога пройдзе праз гаражны масіў у раёне абласной бальніцы па пасёлку Гарадшчына, абміне мікрараён Казіміраўка і выйдзе да кальца з уязной аркай на Мінскую шашу. Будаўніцтва трасы стварае вялікую зручнасць для жыхароў Магілёва і ўсіх уладальнікаў транспарту. Самае галоўнае, што разгрузяцца цэнтральныя вуліцы – Першамайская, Касманаўтаў, Якубоўскага, праспект Міру.

На грандыёзным аб’екце працуе больш за сотню работнікаў будаўнічых прадпрыемстваў. Заказчыкам будаўніцтва аб’екта выступае КУП «Магілёўскае абласное ўпраўленне капітальным будаўніцтвам», генпадрадчыкам – ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст № 3». Увесці аб’ект плануюць у сярэдзіне 2023-га года.

vestnikmogileva.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая