RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Да Міжнароднага Дня абароны дзяцей моладзь Магілёўшчыны правядзе дабрачынныя акцыі

Напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей (1 чэрвеня) у межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Дзень абароны дзяцей з БРСМ» у Магілёўскай вобласці пройдзе каля 40 мерапрыемстваў. Пра гэта паведамілі ў моладзевай арганізацыі.

Паводле слоў суразмоўцаў, валанцёры БРСМ «Добрае сэрца» паспрабуюць акружыць клопатам выхаванцаў дзіцячых дамоў, сацыяльна-педагагічных цэнтраў, карэкцыйна-развіваючых устаноў, дзяцей, якія выхоўваюцца ў дамах сямейнага тыпу і ў шматдзетных сем’ях.

Так, 30 мая ў 15.30 у інстаграме (@brsm_mogilev) Магілёўскага гарадскога камітэта БРСМ адбудзецца ONLINE Quiz «Усе мы родам з дзяцінства». Анлайн-віктарына ў рэжыме рэальнага часу. Тэматычныя пытанні да Дня абароны дзяцей (дзіцячыя фільмы, мультфільмы і інш.).

У Крычаўскім раёне праходзіць раённы конкурс малюнкаў «Дзяцінства – гэта радасць!», у Бабруйскім – з 30 мая па 1 чэрвеня ў інстаграме Моладзь Бабруйшчыны (@bobr.rk_brsm) пройдзе раённая акцыя «Парад паветраных змеяў». У сацыяльнай сетцы «УКантакце» ў групе «Першамайцы г. Бабруйска» праходзіць раённы конкурс на самую лепшую дзіцячую фатаграфію «#МойМаленькіСвет».

Працоўная моладзь Магілёўскага інстытута МУС РБ 28 мая ў 11.30 наведае Мацюцкі яслі-сад (Горацкі раён), дзе пакажа святочнае прадстаўленне маленькім выхаванцам. Пасля заканчэння добрай акцыі «Міліцыя дзецям» уручаць падарункі, якія пакінуць прыемныя ўспаміны. На сённяшні дзень яслі-сад наведвае 25 дзяцей.

1 чэрвеня ў 12.00 на тэрыторыі гімназіі №3 г. Магілёва адбудзецца танцавальны флэшмоб «Яркае свята дзяцінства».

3 чэрвеня ў Мсціслаўскім цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі (г. Мсціслаў, вул. П. Мсціслаўца, 8) пройдзе раённая акцыя «Клопат дзецям».

«Падобныя мерапрыемствы пройдуць у кожным раёне Магілёўскай вобласці, – адзначылі суразмоўцы. – З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі частка мерапрыемстваў пераведзеная ў анлайн-фармат, частку плануецца правесці з улікам захавання правілаў гігіены, мер індывідуальнай абароны і сацыяльнага дыстанцыявання».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая