RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дадатковыя супрацьэпідэміялагічныя меры прымаюцца на прадпрыемстве «Бабушкина крынка»

Дадатковыя меры па недапушчэнні распаўсюджвання віруснай інфекцыі прымяняюцца ў ААТ «Бабушкина крынка» – кіруючая кампанія холдынгу «Бабушкина крынка» – у Магілёве і на ўсіх філіялах прадпрыемства. Пра гэта расказала намеснік генеральнага дырэктара ААТ па ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях Святлана Сташэўская.

«Адной з першых мер стала закрыццё прадпрыемства для старонніх людзей. Зайсці ў хол галоўнага корпуса можна толькі пры наяўнасці пропуску. Ля дзвярэй размясцілі дэзматы, раней такія былі толькі на вытворчасці. Пасля таго як чалавек уваходзіць у будынак, ён адпраўляецца апрацоўваць рукі – у холе ўсталяваныя дазатары з локцевым варыянтам націску, – расказвае Святлана Сташэўская. – Пасля гэтага на пасту аховы наведвальнікам (па працоўнай неабходнасці) вымяраюць тэмпературу бескантактным спосабам. Гэтыя даныя заносяцца ў спецыяльны журнал, яны строга кантралююцца адміністрацыяй прадпрыемства. У кожным структурным падраздзяленні начальнік аддзела таксама сочыць за тэмпературай сваіх падначаленых – яе вымяраюць на месцах двойчы на дзень. Паказанні заносяць у спецыяльны журнал. Раней такія строгія меры ўжываліся ў цэхах, таму што да працы на харчовай вытворчасці нельга дапускаць чалавека з павышанай тэмпературай і іншымі прыкметамі рэспіраторных захворванняў. Цяпер такое правіла распаўсюджваецца на ўсе аддзелы без выключэння. Такія ж меры прымаюцца ва ўсіх нашых філіялах».

У холе таксама ўстаноўлены ультрафіялетавыя лямпы, якія ачышчаюць паветра ад магчымых вірусаў. Раней яны былі толькі ў цэхах, а зараз размясціліся ва ўсіх месцах, дзе ёсць людзі.

«На ўваходзе кожны супрацоўнік атрымлівае шматразовую марлевую павязку, калі ў яго няма сваёй. Гэтыя павязкі мы адшывалі на філіяле ў Кіраўскім раёне. Назад мы іх не забіраем, далей кожны павінен сачыць за ёй самастойна: мыць і прасаваць пасля кожнага нашэння. Усталявалі на паверхах прасавальныя дошкі, прасы, каб рабіць тэрмічную апрацоўку. Усяго закуплена 50 камплектаў прасаў і дошак. 13 камплектаў дадаткова будуць устаноўлены ў галоўным офісе, астатнія – у найбліжэйшы час перададзім на філіялы», – расказала намеснік гендырэктара.

Каб не дапускаць збору людзей у абедзенны час, сталовая прадпрыемства таксама перайшла на новы рэжым працы. Для кожнага структурнага падраздзялення вызначаны свой час абеду. Гэта трэба для таго, каб людзі з розных аддзелаў не перасякаліся адзін з адным. На абед адводзіцца 15 хвілін і адначасова абедаць можа не больш за восем чалавек. Пасля кожнага наведвання ў памяшканні праводзяць невялікую дэзынфекцыю: апрацоўваюць усе паверхні, ручкі дзвярэй – усё тое, да чаго людзі дакранаюцца рукамі. Усе сталы стаяць на адлегласці не менш за метр адзін ад аднаго з усіх бакоў. Тут устаноўлены кандыцыянеры з ультрафіялетавымі лямпамі. Ля лініі раздачы з’явіліся абмежавальныя стыкеры – адміністрацыя просіць выконваць дыстанцыю.

«Той, хто не хоча наведваць сталовую ці не можа паабедаць у адведзены яму час, можа атрымаць абед у індывідуальным ланч-боксе. Да яго дадаюцца аднаразовыя відэлец і нож. Кожны дзень на выбар у супрацоўнікаў тры варыянты абедзеннага меню. Галоўнае – папярэдзіць аб сваім жаданні атрымаць ежу ў спецыяльным боксе загадзя. З-за кошту ўпакоўкі абеды для супрацоўнікаў не сталі даражэйшымі – гэтыя выдаткі кампенсуе прадпрыемства. Цяпер разглядаем варыянт закупіць спецыяльны посуд для супаў, каб у кожнага супрацоўніка была магчымасць атрымліваць паўнавартасны і карысны абед», – заўважыла загадчыца аб’екта грамадскага харчавання Марыя Карнеенка.

Усе планёркі, канферэнцыі і сустрэчы праходзяць на «Бабушкиной крынке» толькі анлайн. Частку супрацоўнікаў перавялі на аддаленую працу. А для тых, хто не можа пакінуць сваё працоўнае месца, працоўны дзень скарацілі на паўгадзіны за кошт абедзеннага часу. «Мы не можам адпусціць усіх на аддаленую працу. Таму для тых, хто працягвае ездзіць на працу, скарацілі працоўны час да 16.30. Каб яны не знаходзіліся ў грамадскім транспарце ў гадзіну-пік», – пракаментавала Святлана Сташэўская.

Спецапрацоўку праходзіць і ўся тэхніка, якая заязджае і выязджае з прадпрыемства. Акрамя спецыялізаванага тэрмінала, дзе машыны цалкам апрацоўваюць, кожны кіроўца абавязаны рабіць дэзынфекцыю свайго працоўнага месца: руля, прыборнай панэлі, ручак дзвярэй і скрынкі перадач.

Філіялы ААТ «Бабушкина крынка» – кіруючай кампаніі холдынгу «Бабушкина крынка» размешчаны практычна ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці. Усяго тут працуе каля 3,5 тыс. чалавек.

БЕЛТА

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая