RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дэпутаты абласнога Савета зацвердзілі меры па ўмацаванні кадравага патэнцыялу АПК рэгіёна

Чарговая чатырнаццатая сесія Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў адбылася ў Доме саветаў. Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі шляхі павышэння якасці падрыхтоўкі, замацавання спецыялістаў на сяле, зацвердзілі меры па забеспячэнні кадрамі АПК рэгіёна.

Як паведаміла намеснік старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Вольга Прыстромская, забяспечанасць АПК кіруючымі кадрамі сёння складае 95 %, галоўнымі спецыялістамі – 91 %, спецыялістамі сярэдняга звяна – 95 %, кадрамі рабочых прафесій – 98 %. Асноўнымі крыніцай папаўнення кадраў у сельскагаспадарчых арганізацыях з’яўляецца іх падрыхтоўка ў ВНУ і ССНУ адпаведнага профілю і, у першую чаргу, на аснове мэтавых дагавораў. У 2018 годзе на такіх умовах сталі студэнтамі 247 абітурыентаў – ураджэнцаў Магілёўскай вобласці. Акрамя таго, у агульнаадукацыйных навучальных установах адкрыты 53 профільныя класы аграрнай накіраванасці, у якіх атрымлівае адукацыю 268 навучэнцаў.

З пачатку 2019 года ў арганізацыі АПК рэгіёна было накіравана 280 маладых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, у тым ліку 104 – па мэтавых дагаворах. Таксама першае працоўнае месца тут атрымаў 381 выпускнік устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай адукацыі, і 438 – сярэдняй спецыяльнай.

«Рэалізацыя мер па замацаванні кадраў у сельскагаспадарчых арганізацыях дазволіла дасягнуць пэўных вынікаў у забеспячэнні сельскагаспадарчай галіны кваліфікаванымі спецыялістамі, прыпыніць іх адток і стабілізаваць дынаміку замацавання», – адзначыла Вольга Прыстромская. Пасля двух гадоў працы па размеркаванні ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу працягвае працаваць 54 % спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, 44 % – з сярэдняй спецыяльнай. Штомесячныя даплаты стымулюючага характару ўстаноўлены 208 маладым работнікам.

І ўсё ж выклікае занепакоенасць той факт, што 514 маладых спецыялістаў, або 14,7 % ад агульнай колькасці, накіраваных у Магілёўскую вобласць на працягу апошніх пяці гадоў, звольнены пасля завяршэння агульнаўстаноўленага тэрміну працы па размеркаванні. «Гэта, безумоўна, паказвае на недастатковую эфектыўнасць мер па адаптацыі моладзі на вытворчасці, аказанні неабходнай дапамогі і падтрымкі ў вырашэнні вытворчых і сацыяльна-бытавых праблем, стварэнні ўмоў, якія спрыяюць прафесійнаму і кар’ернаму росту, – падкрэсліла Вольга Прыстромская. – Аналіз прычын выбыцця кадраў сведчыць аб тым, што замацаванне непасрэдна звязана з няўстойлівым фінансавым становішчам асобных арганізацый, у тым ліку прызнаных неплацежаздольнымі, нізкім узроўнем заработнай платы, непрадстаўленнем наймальнікамі ўстаноўленых заканадаўствам аб працы і калектыўнымі дамовамі правоў і гарантый – жылля, кампенсацыі выдаткаў па яго найму, даплат, павышэння тарыфных ставак».

Каменціруючы сітуацыю, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык адзначыў: «Размовы з моладдзю, якая пакідае сельскагаспадарчыя арганізацыі пасля адпрацоўкі, даюць права зрабіць вывад, што праблема не заўсёды ў заработнай плаце і непрэстыжнасці прафесіі. Часта адсутнічаюць мінімальныя ўмовы для выканання працоўных абавязкаў, няма практыкі настаўніцтва, затое ўстаноўлена матэрыяльная і іншая адказнасць пры адсутнасці вопыту».

«Трэба кропкава вывучаць усе факты і прычыны спынення працоўных адносін пасля завяршэння ўстаноўленага тэрміну работы па размеркаванні, – падкрэсліў Дзмітрый Харытончык, – паколькі недастатковая эфектыўнасць працы ў аграпрамысловым комплексе напрамую звязана з кадравым пытаннем. Асаблівую ўвагу варта надаць забеспячэнню маладых спецыялістаў жыллём. Сёння важна забяспечыць эфектыўную працу па паляпшэнні якасных і колькасных паказчыкаў кадравага забеспячэння арганізацый аграпрамысловага комплексу, захаваць станоўчую тэндэнцыю ў частцы павышэння адукацыйнага ўзроўню спецыялістаў АПК, прыняць дадатковыя меры, якія спрыяюць росту прафесійных кампетэнцый кадраў».

    

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая