RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дэпутаты Магілёўскага аблсавета зацвердзілі асноўныя паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэт рэгіёна на 2020 год

Дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета зацвердзілі асноўныя паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэт рэгіёна на 2020 год. Праекты разглядаліся сёння на пасяджэнні сямнаццатай сесіі аблсавета.

У прыватнасці, прагназуемы параметр унутранага рэгіянальнага прадукту першапачаткова планаваўся на ўзроўні 103,4%, паведаміў намеснік старшыні аблвыканкама Руслан Страхар. Аднак падчас пасяджэння аблвыканкама, якое адбылося напярэдадні, было прынята рашэнне аб павышэнні прагнозных лічбаў для шэрагу галін і раёнаў.

«Прагнозныя паказчыкі на будучы год павінны абапірацца на рэальныя вынікі працы ў гэтым годзе і быць напружанымі», – адзначыў старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык. Пры гэтым ён дадаў, што на сесію неабходна ўнесці тыя параметры, якія былі абмеркаваны на пасяджэнні аблвыканкама з улікам прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. Па выніках працы за 2020 год ВРП павінен вырасці да 104,5%. У той жа час запланавана павелічэнне паказчыка прадукцыйнасці працы – 3,3% да канца года. Таксама мяркуецца, што аб’ём экспарту тавараў павысіцца на 3,8%, а паслуг – на 4,1%. Прагнозны аб’ём прамых замежных інвестыцый – $90 млн. Плануецца працаўладкаваць на зноў створаныя ў рэгіёне працоўныя месцы 4,5 тыс.чалавек.

У аснову бюджэту рэгіёна пакладзены параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступны год і ацэнка выканання бюджэту ў бягучым. Асноўнымі даходнымі крыніцамі застануцца падаходны падатак, падаткі на дабаўленую вартасць, на прыбытак і ўласнасць.

Аб’ём даходаў бюджэту вобласці на 2020 год прагназуецца ў суме Br1 млрд. 691 млн., расходаў – Br1 млрд. 663 млн. з мінімальным памерам прафіцыту Br28 млн. Праект бюджэту па выдатках сфарміраваны з улікам захавання прыярытэту выдаткаў сацыяльнага характару. Так, асноўнымі напрамкамі расходаў стануць: міжбюджэтныя трансферты – 46,6%, ахова здароўя – 13,2%, нацыянальная эканоміка – 10,9%, капітальнае будаўніцтва – 10,5%, адукацыя – 7,7%, сацыяльная палітыка – 4,3%, фізкультура, культура, СМІ – 1,7%.

Прапанаванае размеркаванне рэсурсаў бюджэту паспрыяе рэгіянальнаму развіццю, прадвызначаючы пры гэтым беражлівае і эканомнае выкарыстанне кожнага бюджэтнага рубля.

Дарэчы, падчас пасяджэння ганаровыя граматы Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў атрымалі прадстаўнікі рэгіёна, якія ажыццяўлялі актыўную дэпутацкую і грамадскую дзейнасць у сваіх сферах у адыходзячым годзе. Многія з іх цяпер будуць прадстаўляць нашу вобласць у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. У іх ліку Святлана Шутава, Уладзімір Гацко, Людміла Здорыкава, Сяргей Сыранкоў, Андрэй Ганчук. Падзяку Савета Рэспублікі ўручылі Дзмітрыю Харытончыку.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая