RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Для гульняў і заняткаў спортам: у Магілёве адкрылі новую дзіцячую пляцоўку

У Магілёве ў мікрараёне Дачны адкрылі новую дзіцячую пляцоўку. Яна з’явілася дзякуючы ўзаемадзеянню мясцовых жыхароў, дэпутатаў і гарадской улады.

Новая пляцоўка размясцілася ў самым цэнтры мікразоны. Тут устанавілі сучаснае гульнявое абсталяванне для дзяцей рознага ўзросту, а таксама абсталявалі пляцоўку для варкаўта. З самай раніцы тут сёння шматлюдна: пляцоўка рыхтуецца да ўрачыстага адкрыцця, а маленькія магілёўцы з бацькамі апрабоўваюць новыя арэлі і каруселі.

Як падкрэсліў старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Максім Гурын, новая гульнявая зона стала выдатным падарункам для магілёўцаў у юбілейны для абласнога цэнтра год. «Летась мы праводзілі конкурсны адбор грамадзянскіх ініцыятыў на ўзроўні Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Ад Магілёва было прадстаўлена паўтара дзясятка прапаноў, – адзначыў ён. – Прэзідыум абласнога Савета дэпутатаў для рэалізацыі абраў уладкаванне дзіцячай пляцоўкі ў раёне прыватнай жылой забудовы. Тут 25 вуліц. І яшчэ адна прычына, чаму выбралі менавіта гэтую ініцыятыву: звычайна мы працавалі ў дварах шматпавярховай жылой забудовы. А тут вялікі мікрараён, шмат моладзі і дзяцей».

Па словах Максіма Гурына, фінансаванне аб’екта склала Br20 тыс. «За гэтыя грошы мы набылі дзіцячае гульнявое абсталяванне. Але ўсе выдатна разумелі, што для паўнавартаснай зоны адпачынку гэтага мала. Жыхары мікрараёна таксама не засталіся ўбаку: яны сабралі Br2,5 тыс. Ідэю па ўладкаванні пляцоўкі падтрымаў старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў і ўключыў гэтую пляцоўку ў бягучы план па добраўпарадкаванні. Падключыліся да працы і нашы камунальныя прадпрыемствы – без іх у нас нічога не атрымалася б. З намі актыўна працавалі ўпраўленне камунальных прадпрыемстваў, «Зелянбуд», Магілёўскае гарадское камунальнае ўнітарнае прадпрыемства цеплаэнергетыкі і «Гарсвятло». Дапамагалі ва ўладкаванні і грамадскія аб’яднанні. Усяго на стварэнне дзіцячай пляцоўкі было выдаткавана каля Br80 тыс. Працавалі тут усім мірам. І гэта пляцоўка – яскравы прыклад канструктыўнага ўзаемадзеяння паміж гарадской уладай, дэпутатамі і мясцовымі жыхарамі», – расказаў ён.

На пляцоўцы для мясцовых жыхароў арганізавалі сапраўднае свята. Тут праходзіла канцэртная праграма і майстар-класы ад прадстаўнікоў шматпрофільнага цэнтра па працы з дзецьмі і моладдзю «Юнацтва». Гарадскі ФСК арганізаваў спартыўныя забавы, а супрацоўнікі МНС і «Магілёўаблгаза» прапанавалі інтэрактыўныя тэматычныя пляцоўкі.

Як расказала мясцовая жыхарка Вікторыя Раманава, такой пляцоўкі ў мікрараёне вельмі не хапала. «Раней тут стаялі футбольныя вароты і арка над уваходам. Вось і ўсе забавы. А на двары канікулы, і хочацца, каб дзеці былі больш на свежым паветры. Цяпер у нас з’явілася прыгожая і сучасная дзіцячая пляцоўка. У мяне двое дзетак, Даша і Арцём. Старэйшай 9 гадоў, а малодшаму 4 гады. І што важна, ім дваім тут цікава гуляць, таму што пляцоўка разлічана на дзетак рознага ўзросту. Учора ўвечары, яшчэ да ўрачыстага адкрыцця, прыходзілі з дзецьмі. Яны ўжо апрабавалі горкі і арэлі, але больш за ўсё да спадобы прыйшлася карусель, – дзеліцца жанчына. – Месца вельмі ўдалае для пляцоўкі выбралі. І я ўпэўнена, што яна стане цэнтрам прыцягнення для нашых дзяцей. А за такі важны і патрэбны падарунак хочацца сказаць дзякуй».

БЕЛТА, фота vestnikmogileva.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая