Сапраўднае дзіцячае мястэчка адкрылі ў адным з двароў па вул. Сіманава ў Магілёве. Шматфункцыянальная пляцоўка ўключыла ў сябе гульнявы комплекс для дзяцей, абгароджанае поле для гульні ў футбол і баскетбол, а таксама зону з трэнажорамі.
Карусель, пясочніца, дзіцячае мястэчка з горкамі, футбольнае поле, снарады для воркаута - усё з бяспечным гумовым пакрыццём.
Адкрыццё пляцоўкі стала сапраўдным святам не толькі для жыхароў мікразоны, але і ўсяго раёна: школы і прадпрыемствы арганізавалі тут тэматычныя пляцоўкі - усё ў адзінай тэматыцы, бо свята прымеркавалі да 80-годдзя Вялікай Перамогі.
Як расказаў кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва Пётр Салаўёў, абсталяванне новай пляцоўкі пачалі ў пачатку красавіка. «Гэта першая пляцоўка, якую мы адчыняем сёлета. Тут мы правялі тры суботнікі: да нас актыўна падключыліся жыхары найбліжэйшых дамоў. Працавалі талакой на блага мікразоны і нашага раёна, на блага дзяцей і камфорту дарослых, - распавёў ён. - Пабудаваць - гэта, безумоўна, добра. Але трэба гэта зберагчы і захаваць, каб пляцоўка доўга радавала жыхароў».
Пётр Салаўёў выказаў упэўненасць, што новая пляцоўка стане цэнтрам прыцягнення для дзяцей і дарослых. «Такой пляцоўкі тут не хапала. Побач школа, дзіцячы садок, інтэрнаты. Я ўпэўнены, пуставаць яна не будзе. А пакуль дзеці будуць гуляць, іх бацькі таксама змогуць з камфортам адпачыць у родным двары, - падзяліўся ён. - Акрамя самой пляцоўкі, правялі добраўпарадкаванне тэрыторый: аформілі пешаходныя сувязі, адрамантавалі ўваходныя групы бліжэйшых дамоў, прывялі ў парадак фасад інтэрната, устанавілі лаўкі, велапаркоўкі, высадзілі туі і кветкі».
Цешыліся разам з іншымі жыхарамі мікразоны пенсіянеркі Алена Яфімава і Вольга Асессарава. Жанчыны ўсё жыццё пражылі тут. «Гэта вельмі добра, што такія пляцоўкі пачалі зьяўляцца. Я шмат гадоў казала, што тут такі добры кавалак зямлі знікае: паміж хат, школа побач, дарога далёка. І вось мяне пачулі, - смяецца Алена Яфімава. - Тут усё так прыгожа і выдатна, вельмі шкада, што ўнукі ўжо выраслі. Затое іншым дзеткам тут разлог будзе. Галоўнае, каб беражліва ставіліся».
Вольга Асессарава меркаванне сяброўкі падзяляе. Але тут і для дарослых ёсць чым заняцца. Наогул, вельмі радуе, як змянілася аблічча двара - такую прыгажосць нам зрабілі», - падзялілася пенсіянерка.
Акрамя гэтага, ля новай пляцоўкі з'явілася скульптурная кампазіцыя, прысвечаная Канстанціну Сіманаву.
Павіншаваў жыхароў мікразоны з адкрыццём пляцоўкі старшыня Магілёўскага гарвыканкама Сяргей Чарткоў. «У нас у плане па добраўпарадкаванні горада сёлета ўзвядзенне 16 дзіцячых шматфункцыянальных пляцовак. Акрамя гэтага, яшчэ 16 будуць абсталяваны за грошы спонсараў. Мы актыўна рыхтавалі пляцоўку да Дня Перамогі, таму што сама назва вуліцы, дзе яна размяшчаецца, сведчыць пра многае і да многага абавязвае, - адзначыў ён. - Вельмі важна, што ў нас захавана пераемнасць пакаленняў. Мы памятаем і ведаем сваё гераічнае мінулае, жывем сучаснасцю і думаем пра будучыню. Пляцоўка - для нашых дзяцей і бацькоў, каб было месца, дзе можна камфортна адпачываць, займацца спортам і бавіць з дзецьмі час на свежым паветры. І такіх аб'ектаў у горадзе будзе з'яўляцца ўсё больш і больш».
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
09.05.2025 - 16:59
Анатоль Ісачанка на сустрэчы з ветэранамі: вялікае шчасце - жыць у мірнай, спакойнай краіне
09.05.2025 - 08:19
80 гадоў Перамогі: як Магілёўшчына і Смаленшчына аб'ядналі намаганні ў памяці пра герояў
09.05.2025 - 08:18
Сведкі гісторыі: дакументальны фільм пра дзяцей, якія перажылі Вялікую Айчынную (відэа)
08.05.2025 - 16:58
08.05.2025 - 16:56
Агульнанацыянальная хвіліна маўчання пройдзе 9 мая ў Беларусі