RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Другая калона збожжаўборачнай тэхнікі перакінута на поўнач Магілёўскай вобласці

Другая калона збожжаўборачнай тэхнікі перакінута з поўдня на поўнач Магілёўскай вобласці. Пра гэта паведаміў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Анатоль Ланкуць.

«Арганізаваная калона сельгастэхнікі з 13 камбайнаў перакінута з паўднёвых на паўночныя раёны Магілёўскай вобласці, – адзначыў ён. – У залежнасці ад канчатковай кропкі маршруту машыны пераадолеюць шлях ад 150 да 200 км. Ратацыя дазволіць паскорыць тэмпы ўборкі і максімальна захаваць ураджай. Дарэчы, перакідка першай партыі адбылася 7 жніўня. Тады 6 камбайнаў пераехала з Кіраўскага ў Быхаўскі раён».

 

Гэтым разам у Мсціслаўскі раён з Глускага, дзе ўбрана ўжо 86% плошчаў, было накіравана 6 камбайнаў, у Горацкі раён выехалі 4 машыны з Кіраўскага і 3 – з Бабруйскага. У гэтых паўднёвых рэгіёнах уборка ажыццёўлена ўжо амаль на 60%. У сваю чаргу ў Мсціслаўскім раёне аграрыі прыбралі яшчэ толькі 27% плошчаў, у Горацкім – 23%.

Паводле слоў Анатоля Ланкуця, рашэнне аб пераразмеркаванні тэхнікі дазволіць паскорыць тэмпы па ўсёй вобласці, бо поўдзень і поўнач адрозніваюцца па кліматычных і пагодных умовах. У адной частцы хлеб спее раней і ўборка ўжо ідзе поўным ходам, у другой – збожжа яшчэ вільготнае. Сёння поўнач уваходзіць у актыўную стадыю гарачай пары: зерне гатова, справа засталася за тэхнікай і надвор’ем. Перакідку камбайнаў неабходна рабіць менавіта ў сярэдзіне, а не ў канцы ўборкі, каб атрымаць большы валавы збор з добрых плошчаў.

На сёння ў вобласці ўбрана 37% плошчаў (амаль 400 тыс. т валавога намалоту), ураджайнасць склала 31,8 ц/га, што вышэй за леташнюю на 1,6 ц/га.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая