RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Другога красавіка Магілёўская вобласць далучыцца да святкавання Дня яднання народаў Беларусі і Расіі

Другога красавіка – Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. У гэты дзень у 1996 годзе прэзідэнты дзвюх дзяржаў падпісалі Дагавор «Аб стварэнні Супольнасці Расіі і Беларусі». Праз год, 2 красавіка 1997 года – быў завераны Дагавор «Аб саюзе Беларусі і Расіі». Гэтыя гістарычныя дакументы паклалі пачатак аднаму з найбольш дзейсных інтэграцыйных працэсаў на прасторы СНД.

Гістарычную для двух народаў дату шырока адзначаць у Магілёўскай вобласці. Гутаркі, лекцыі, выступленні па пытаннях інтэграцыі Беларусі і Расіі пройдуць у працоўных калектывах, навучальных установах рэгіёна. У бібліятэках арганізуюць выставы-панарамы, інфармацыйныя гадзіны і тэматычныя мерапрыемствы.

Магілёўскія дзіцячыя школы мастацтваў № 1 і № 4 сумесна з дзіцячай музычнай школай № 1 імя М. І. Глінкі горада Смаленска правядуць відэаканцэрт «Дружба без межаў». А ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленнікава пройдзе канцэрт калектыву Магілёўскай гарадской капэлы «Дзве сястры – Беларусь і Расія».

У Беларуска-расійскім універсітэце правядуць акцыю «Адзінства – наша сіла», круглы стол «Перспектывы расійска-беларускага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і маладзёжнай палітыкі» і беларуска-расійскі турнір па інтэлектуальных гульнях «Сакавіцкі леў». У МДУ імя А. А. Куляшова таксама запланавалі круглы стол «Патэнцыял і перспектывы інтэграцыйных працэсаў Саюзнай дзяржавы».

Цэнтральным мерапрыемствам стане святочны канцэрт, які адбудзецца 2 красавіка ў 15.00 у Палацы культуры вобласці. Гасцямі свята стануць прадстаўнікі выканаўчай улады вобласці і горада, прадпрыемстваў і грамадскасці, моладзь.

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая