У Магілёве ва ўнутраных войсках МУС на базе вайсковай часці 6713 створаны дванаццаты атрад спецыяльнага прызначэння «Гром».
Задачамі спецатрада стануць пошук і ліквідацыя незаконных узброеных фарміраванняў і дыверсійна-разведвальных груп, садзейнічанне ў ахове дзяржаўнай граніцы, а таксама затрыманне правапарушальнікаў сумесна з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў.
Па словах камандзіра атрада спецпрызначэння «Гром» Віктара Смоліча, новае фарміраванне традыцыйна атрымала назву адной з прыродных стыхій. «Гром» расшыфроўваецца як гатоўнасць, рашучасць, адвага і мужнасць, - падкрэсліў ён. - Менавіта гэтыя якасці ўласцівыя вайскоўцам нашага атрада. Мы будзем выконваць задачы па працы з блокам крымінальнай міліцыі па затрыманні злачынцаў, а таксама іншых элементаў, якія будуць парушаць спакой краіны і грамадзян. Асноўны ўпор таксама будзе зроблены на барацьбе з дыверсійна-разведвальнымі групамі саперніка, незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі ў асаблівых умовах. Вораг павінен ведаць, што за супрацьпраўныя дзеянні супраць нашага насельніцтва і дзяржавы панясе адказнасць».
Дыслакавацца атрад будзе ў Магілёве і Бабруйску. У яго складзе ёсць некалькі баявых груп, у тым ліку група прымянення і разлікі агнявой падтрымкі. Да баявога зладжвання атрад пачне ўжо праз тыдзень у навучальным цэнтры ўнутраных войскаў, дзе тактычную падрыхтоўку з байцамі будуць праводзіць вопытныя інструктары. «Для выканання пастаўленых задач у атрадзе ёсць спецыялісты самага шырокага профілю, – адзначыў Віктар Смоліч. - Гэта снайперы, кулямётчыкі, гранатамётчыкі. На ўзбраенні атрада знаходзяцца некалькі відаў зброі, а таксама разведвальна-ўдарныя дроны. Адпаведна ёсць спецыялісты, якія прайшлі навучанне і могуць з імі працаваць».
Распараджэнне МУС па нарошчванні і ўдасканаленні патэнцыялу спецназа ўнутраных войскаў планава рэалізуецца ўжо на працягу двух гадоў. Так, сфарміраваны атрады спецыяльнага прызначэння ў Мінскай, Брэсцкай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях, а таксама ў Астраўцы для аховы і абароны Беларускай АЭС. Поўнасцю зменена структура мінскіх атрадаў.
Як адзначыў першы намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі - начальнік штаба Аляксандр Быкаў, вялізная работа праведзена па ўдасканаленні аснашчэння ўзбраеннем і тэхнікай новых фарміраванняў. «На ўзбраенні атрадаў спецыяльнага прызначэння складаюцца мінамёты, супрацьтанкавыя ракетныя комплексы, гранатамёты, вялікая колькасць кулямётаў буйнога калібру, - удакладніў ён. - Створаны цэнтры падрыхтоўкі і прымянення беспілотных лятальных апаратаў розных тыпаў, вялікая колькасць FPV-дронаў і сродкаў паражэння, заўсёды гатовых да прымянення. Браняваная тэхніка, сродкі падвышанай праходнасці, пікапы, квадрацыклы, катэры, балотаходы - гэта яшчэ далёка не ўвесь пералік выкарыстоўванай спецназам унутраных войскаў тэхнікі».
Працэс удасканалення бесперапынны. Масава і актыўна выкарыстоўваюцца штурмавыя сабакі, дзейнічаюць вадалазныя падраздзяленні, сапёры ўнутраных войскаў працуюць не толькі па абясшкоджванні і знішчэнні выбухованебяспечных прадметаў, але таксама гатовы да ўстаноўкі любых мінных загарод і інжынерных перашкод.
«Праца праведзена каласальная, і вельмі важна, што ўсе байцы - ад малых разлікаў да атрадаў - прайшлі падрыхтоўку і курсы з інструктарамі, якія маюць баявы вопыт, - падкрэсліў Аляксандр Быкаў. - Гэтая падрыхтоўка праходзіць бесперапынна. Унутраных войсках сабраны магутны, добра аснашчаны і высока матываваны кулак спецназа, які штодня выконвае баявыя задачы рознай складанасці, а пры ўскладненні абстаноўкі адзінай камандай неадкладна стане на абарону нашай дзяржавы і Прэзідэнта».
Відовішчнай і эфектнай часткай мерапрыемства сталі паказальныя выступленні. Прысутным прадэманстравалі некалькі тактычных эпізодаў: дзеянні штурмавых груп атрада спецпрызначэння па затрыманні і знішчэнні ўмоўных тэрарыстаў, якія знаходзяцца ў будынку, а таксама затрыманні саўдзельнікаў тэрарыстаў у аўтамабільным транспарце. Акрамя таго, увазе прысутных прадставілі ўзбраенне, ваенную і спецыяльную тэхніку атрадаў спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС. На паказальныя выступленні былі запрошаны выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба «Абаронца».
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
21.04.2025 - 09:30
Мінабароны: з 22 красавіка пачынаецца адпраўка ў войскі прызваных на тэрміновую ваенную службу
18.04.2025 - 10:35
Аляксандр Гарошкін сустрэўся з калектывам магілёўскага прадпрыемства
17.04.2025 - 17:21
17.04.2025 - 16:39
У Магілёўскай вобласці з'явіўся першы мурал на лясную тэматыку
17.04.2025 - 15:50
Генеральным дырэктарам Магілёўскага ДВЛГА прызначаны Уладзімір Сіроцін