RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзень дронаў прайшоў у магілёўскай школе

Дзень дронаў упершыню правялі ў сярэдняй школе № 21 Магілёва.

Ініцыятыва арганізаваць незвычайнае свята належала магілёўцу Андрэю Музараву. Ужо некалькі гадоў ён кіруе праектам «IQ у кубе» і STEAM-гуртком «Кубік Рубіка і кубарт» у школе № 21. Акрамя гэтага, зараз яго новы праект – школа праграмавання «Дроні» – прайшоў у 1/4 фіналу рэспубліканскага конкурсу праектаў Social Weekend.

«Мы стараемся прапаноўваць магілёўскім дзецям тэхнічныя напрамкі, якія набіраюць папулярнасць ва ўсім свеце. Адзін з іх – праграмаванне дронаў, – дзеліцца Андрэй Музараў. – Цяпер дроны выкарыстоўваюць у самых розных сферах жыцця: беспілотнікі працуюць у сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, авіяцыі і вайсковай справе, дапамагаюць прадухіляць распаўсюджванне каранавіруса. У будучыні праграмаванне, у тым ліку і беспілотнікаў, будзе адной з самых папулярных сфер».

У свяце прынялі ўдзел вучні 3–6 класаў. Разам з Андрэем Музаравым яны напісалі праграму для беспілотніка, які працуе ў памяшканнях: ён узлятаў з рукі, апісваў у паветры прамавугольнік і нават куляўся. Кіруецца такі робат як з камп’ютара, так і з тэлефона.

«Для дзяцей гэта як убачыць НЛА. Іх зачароўвае відовішча, асабліва калі яны самі паўдзельнічалі ў складанні праграмы палёту. Праграмаванне дронаў дазваляе навучыць дзяцей асновам STEAM: інжынернай навуцы, матэматыцы і нават мастацтву. Акрамя ўсяго, гэта цікавае хобі, якое потым можа перарасці ў асноўную прафесію. Зараз у Магілёве няма ніводнай падобнай школы, і мы плануем быць першымі», – дзеліцца кіраўнік праекта.

Нягледзячы на тое, што цяпер школа праграмавання дронаў яшчэ ў працэсе станаўлення, жадаючых яе наведваць ужо шмат. Для далейшага развіцця гуртка Андрэй Музараў плануе закупіць разнастайныя дроны, у тым ліку гоначныя.

«І калі ўсе нашы смелыя планы ўдасца рэалізаваць, мы станем першай школай у Беларусі, якая паспрабуе свае сілы ў харэаграфіі дронаў. Гэта вельмі прыгожае відовішча: некалькі дзясяткаў квадракоптараў па камандзе падымаюцца ў паветра, ствараюць розную геаметрыю і выконваюць трукі – усё гэта сінхронна. Такое ўразіць не толькі дзяцей, але і дарослых», – падзяліўся магілёвец.

БЕЛТА

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая