RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзень Незалежнасці Беларусі ўвасабляе героіку мінулага, стабільнасць сучаснасці і росквіт будучыні – Леанід Заяц

Галоўнае дзяржаўнае свята Беларусі ўвасабляе героіку мінулага, стабільнасць сучаснасці і росквіт будучыні. Такое меркаванне на ўрачыстым мітынгу, прысвечаным Дню Незалежнасці нашай краіны, выказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц.

 «Лёсавызначальныя даты ёсць у жыцці кожнага народа. Даты, якія выклікаюць найвышэйшы духоўны ўздым і яднанне ўсіх грамадзян. Дзень вызвалення сталіцы нашай Радзімы ад фашысцкіх захопнікаў стаў менавіта такой вяхой для Беларусі, – падкрэсліў кіраўнік рэгіёна. – Наша Незалежнасць заснавана на заслугах пакалення Пераможцаў. Гітлераўцы будавалі планы па знішчэнні славянскіх народаў. Але ім не ўдалося паставіць на калені людзей, для якіх Радзіма і свабода – святыя паняцці».

Леанід Заяц адзначыў, што з першага дня вайны Беларусь стала арэнай буйных бітваў. У гісторыю Вялікай Айчыннай залатымі літарамі ўпісаны неўміручы подзвіг абаронцаў Магілёва. Салдаты Чырвонай Арміі, апалчэнцы і простыя мірныя жыхары самааддана трымалі абарону 23 дні і ночы. На Буйніцкім полі разгарнуліся жорсткія баі. Гарэла зямля, лілася кроў, гінулі людзі. Толькі за адны суткі 12 ліпеня 1941 года абаронцы горада здолелі знішчыць 39 адзінак бранятэхнікі і тры з паловай сотні фашыстаў. Гераічная абарона Дняпроўскага рубяжа шмат у чым стала прычынай зрыву гітлераўскага плана маланкавай вайны.

«Мы ганарымся тым, што ў слаўным ваенным летапісе ёсць велізарная доля подзвігаў нашых землякоў, – падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама. – Яны абаранялі Маскву і Сталінград, удзельнічалі ў бітве на Курскай дузе, білі ворага на Одэры і Вісле, салютавалі Перамозе ў Берліне. За праяўленую мужнасць і гераізм 114 ураджэнцаў Магілёўшчыны былі ўдастоены высокага звання – Героя Савецкага Саюза, а 23 – сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы»

Сёння, абапіраючыся на слаўны прыклад стойкасці і велічы духу, беларусы будуюць моцную і гордую краіну, сказаў Леанід Заяц. За пражытыя гады Сінявокая беспаваротна ўстала на шлях пазітыўных пераўтварэнняў, набыла новую палітычную і эканамічную рэальнасць, упэўнена ўвайшла ў сусветную супольнасць як суверэнная дзяржава. «Мы любім нашу Радзіму, жадаем ёй дабра і дабрабыту, сумленна працуем, марым пра бясхмарную будучыню нашых дзяцей. Гэтую мару робіць рэальнасцю кожны з нас – добрымі справамі на карысць Прыдняпроўскага краю і ўсёй Беларусі», – канстатаваў кіраўнік рэгіёна.

Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці Міхаіл Русы ў сваім выступе адзначыў, што самае галоўнае – памятаць пра людзей, якія набліжалі Перамогу. «Сёння мы знаходзімся на гістарычным месцы. І калі нехта забывае пра вайну, прыходзьце сюды, прыслухайцеся. Вы пачуеце тысячы галасоў – шэпт, просьбу: «Людзі, памятайце нас. Мы былі маладымі. Любілі. Хацелі мець сем'і, хацелі будаваць, але такі лёс салдата – мы ляглі тут, каб вы маглі жыць і ствараць». Гэта дзякуючы ім, усім суайчыннікам, мы змаглі стварыць унікальную дзяржаву – нашу Беларусь», – канстатаваў ён.

У сваю чаргу ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Пустынцаў падкрэсліў: беларускі народ на алтар Перамогі аддаў лепшых сваіх сыноў і дачок, якія праявілі сапраўдныя мужнасць і гераізм. «Мы ваявалі за тое, каб нашы дзеці і ўнукі раслі ў свабоднай і шчаслівай краіне. Толькі сіла духу і адданасць Айчыне прывялі нас да доўгачаканай Перамогі», – сказаў ён.

Дзеці суверэннай Беларусі валодаюць самым галоўным багаццем – незалежнасцю, свабодай і мірным небам над галавой, заўважыла на мітынгу лаўрэат спецыяльнай прэміі аблвыканкама ў сацыяльнай сферы, урач-хірург хірургічнага аддзялення Магілёўскай бальніцы №1 Вольга Разніцына. «Усё, што дзяржава робіць для моладзі, з'яўляецца магутным стымулам для плённай працы на карысць нашай радзімы», – падкрэсліла яна.

Ад імя медыцынскіх работнікаў спецыяліст падзякавала кіраўніцтва вобласці і горада за падарунак: напярэдадні Дня Незалежнасці і да 75-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў аўтапарк Магілёўскай гарадской бальніцы ХМД папоўніўся 12 новымі аўтамабілямі хуткай медыцынскай дапамогі.

Мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці, традыцыйна прайшоў на Буйніцкім полі. Кіраўніцтва горада і вобласці, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, ветэраны і моладзь усклалі кветкі і вянкі да капліцы. Яны таксама ўшанавалі хвілінай маўчання памяць абаронцаў горада, а таксама ўсіх тых, хто загінуў на палях бітваў, быў закатаваны ў канцлагерах, памёр ад голаду і хвароб у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая