RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзве новыя лабараторыі адкрылі ў БДСГА

Ва ўрачыстай абстаноўцы ў Дзень ведаў у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі адкрылі дзве новыя лабараторыі.

Адной з іх стала лабараторыя тэхнічнага сэрвісу машын. Цяпер тут можна праводзіць розны рамонт аўтамабільнай тэхнікі, уключаючы акадэмічную. «У цэлым, тут можна праводзіць даволі шырокі спектр рамонтных работ для аўтамабіляў. У бягучым годзе ў нас прайшоў набор на новую спецыяльнасць «тэхнічны сэрвіс у АПК». І мы плануем развіццё гэтай спецыяльнасці, каб пасля заканчэння маладыя людзі атрымлівалі яшчэ і пасведчанне аўтаслесара», - расказаў загадчык кафедры тэхнічнага сэрвісу і агульнай інжынернай дысцыпліны Віктар Кацуба.

Для студэнтаў такая лабараторыя - вялікі плюс. «Некалькі гадоў таму мы набылі перасовачную рамонтную станцыю. Выязджалі са студэнтамі на палігон акадэміі, каб абслугоўваць і рамантаваць тэхніку. Калі студэнты былі на практыцы, у выпадку нейкіх паломак тэхнікі яны дапамагалі з рамонтам, - расказаў ён. - Пэўныя напрацоўкі ў нас былі, і з'яўленне лабараторыі стане для студэнтаў пэўным матыватарам - тут яны будуць бачыць практычнае прымяненне сваіх ведаў. Узровень тэхнікі не стаіць на месцы, а таму, каб яму адпавядаць і пры гэтым прадаўжаць сваё развіццё, нам была неабходна такая лабараторыя. Акрамя таго, гэта добрая магчымасць зарабіць для акадэміі», - расказаў ён.

Як адзначыў у час цырымоніі адкрыцця рэктар Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Віталь Веліканаў, традыцыйна да пачатку навучальнага года ў акадэміі адкрываюцца новыя або абноўленыя аб'екты. «Сёння адзін з іх - лабараторыя тэхнічнага сэрвісу. Яна адкрываецца пад новую спецыяльнасць. Упэўнены, што гэта лабараторыя будзе працаваць на тое, каб мы рыхтавалі высокакваліфікаваных спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу. Каб нашы выпускнікі ганарыліся тым, што заканчвалі Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, былі ўпэўнены ў заўтрашнім дні, былі добрымі спецыялістамі і маглі прынесці карысць нашай Радзіме», - сказаў ён.

Другой новай лабараторыяй стала спецыялізаваная лабараторыя таваразнаўства і арганізацыі камерцыйнай дзейнасці. Тут студэнты факультэта бізнесу і права спецыяльнасцей «камерцыя» і «маркетынг» будуць праходзіць навучанне перадавым тэхналогіям і праграмнаму забеспячэнню, у якія ўключаны кіраванне гандлёвымі аб'ектамі і абсталяваннем, фарміраванне аналітычных справаздач, кіраванне закупкамі і ўзаемадзеянне з пастаўшчыкамі, а таксама комплексная сістэма для аўтаматызацыі гандлёвых і бізнес-працэсаў. Усё гэта ў комплексе дазволіць ім атрымаць неабходныя навыкі і ўменні, якія абавязкова спатрэбяцца ў іх будучай рабоце.

У цырымоніі адкрыцця лабараторый прынялі ўдзел кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, намеснік прэм'ер-міністра Леанід Заяц, кіраўніцтва вобласці і раёна, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса. Яны азнаёміліся з магчымасцямі новых лабараторый, а таксама наведалі вучэбна-выставачны цэнтр факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі, дзе сабраны самыя апошнія ўзоры сельгастэхнікі айчыннай вытворчасці.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая