RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Эстафета агню II Еўрапейскіх гульняў «Полымя свету» пачала свой шлях па Магілёўскай вобласці

Агонь II Еўрапейскіх гульняў 30 мая пачаў свой шлях па Магілёўскай вобласці. Рэгіён прыняў эстафету «Полымя свету» ад Віцебшчыны.

Першым аб’ектам, які наведаў сімвал Еўрагульняў, стаў мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле» (Магілёўскі раён). Больш за тысячу гараджан прыйшлі сюды павітаць і падтрымаць факеланосцаў. Падчас цырымоніі запячатвання агню ў лампаду прысутных павітаў старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў.

«Сімвалічна, што ў год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў гэта эстафета пачынаецца менавіта тут, на святым для ўсіх магілёўцаў месцы, – адзначыў ён. – Буйніцкае поле для нас – гэта сімвал мужнасці і подзвігу савецкага салдата ў імя Вялікай Перамогі».

Паводле слоў кіраўніка абласнога цэнтра, «Полымя свету» з’яўляецца не толькі прадвеснікам маштабнага спартыўнага форуму, але і нагадвае аб мірным небе над нашай краінай. Мэр заўважыў, што сёння для жыхароў Магілёва вельмі хвалюючы момант, бо агонь Еўрапейскіх гульняў, пераадолеўшы не адну тысячу кіламетраў, дабраўся і да горада на Дняпры. Высокага гонару пранесці яго па роднай зямлі ў ліку факеланосцаў удастоены нашы знакамітыя землякі. Гэта вельмі прэстыжна і адказна.

Факел з агнём Еўрапейскіх гульняў пабывае практычна ва ўсіх знакавых месцах Магілёва, падкрэсліў Уладзімір Цумараў. Маршрут эстафеты пракладзены такім чынам, каб максімальна прадэманстраваць самабытнасць абласнога цэнтра, яго галоўныя славутасці і значныя аб’екты. «Полымя свету» будзе падарожнічаць па горадзе ўсяго адзін дзень, але аб’яднае чэмпіёнаў, грамадскіх дзеячаў, людзей творчасці і тых, у каго перамогі яшчэ наперадзе.

«II Еўрапейскія гульні – падзея, якая падкрэслівае для ўсяго свету, як многа ўвагі ў нашай краіне надаецца спорту і здароваму ладу жыцця, – звярнуў увагу мэр. – 25 магілёўцаў рыхтуюцца прыняць удзел у маштабных спартыўных спаборніцтвах. Усе яны маюць чэмпіёнскі характар, і няма ніякага сумнення, што сваімі дасягненнямі яны ўпішуць яркую старонку ў гісторыю Еўрапейскіх гульняў».

Уладзімір Цумараў пажадаў усім шчасця, выдатнага настрою, дабрабыту і добрага шляху эстафеце «Полымя свету». Захавальнікі агню перадалі яго 158-му факеланосцу – салістцы групы IOWA Кацярыне Іванчыкавай, якая пранесла галоўны сімвал Еўрапейскіх гульняў да мемарыяльнага каменя Канстанціну Сіманаву. Перадаючы факел вядомаму беларускаму мастаку Віктару Альшэўскаму, артыстка адзначыла, што для яе ганарова пачаць рух полымя ў Магілёве і ўдзельнічаць у эстафеце. На яе думку, будучая маштабная спартыўная падзея і мерапрыемствы, якія яму папярэднічаюць, аб’ядноўваюць і гуртуюць людзей, дазваляюць завязаць новыя кантакты, умацаваць сяброўства, адкрыць свету Беларусь.

«Мы ўсе становімся часткай вялікай гісторыі, мяне перапаўняе пачуццё гонару за сваю радзіму. І я стараюся ўсюды падкрэсліваць, што нарадзілася на гэтай зямлі, менавіта тут сфарміраваўся і раскрыўся мой творчы патэнцыял. Што тычыцца саміх Еўрапейскіх гульняў, то я яшчэ не ведаю, за каго канкрэтна буду хварэць, але, несумненна, буду ўважліва за імі сачыць, паколькі гэта падзея для краіны яркая і незабыўная», – сказала Кацярына Іванчыкава.

Пасля «Буйніцкага поля» эстафета накіравалася ў заасад. Па яго тэрыторыі сімвал II Еўрапейскіх гульняў пранёс галоўны трэнер зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч. 

У руках дырэктара магілёўскага агралесатэхнічнага каледжа імя К. П. Арлоўскага Георгія Маліноўскага агонь здзейсніў сафары па чыгунцы.

Пасля эстафету да прыстані на Дняпры прыняў вакаліст рок-гурта Nizkiz Аляксандр Ільін.

На параходзе «Полымя свету» прыбыло ў Магілёў.

Далей маршрут сімвала II Еўрапейскіх гульняў пралягаў па двум буйным прамысловым прадпрыемствам: «Магілёўліфтмашы» і «Магатэксе».

Другая частка праграмы пачнецца а 20.30 на пляцоўцы ля лесвічнага марша каля каскаднага фантана ў Паднікольскім парку Магілёва. Факеланосцы пранясуць полымя па вуліцы Піянерскай да кінатэатра «Радзіма». Каля Астролага агонь будзе чакаць карэта. У ёй галоўны сімвал II Еўрапейскіх гульняў праедзе па вуліцы Ленінскай да плошчы Славы, дзе адбудзецца канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады. Фіналам гэтага дня эстафеты стане феерверк.

Магілёў стаў чацвёртым абласным цэнтрам, у якім пабывала «Полымя свету». Пасля горада на Дняпры яно адправіцца ў Шклоў, каб даставіць агонь да гарадской ратушы, Лядовай арэны і ў аграгарадок Александрыя. У Горках запланавана наведванне моладзевага культурна-забаўляльнага цэнтра «Амфітэатр», батанічнага саду, Беларускай сельгасакадэміі і цэнтральнай плошчы, дзе пройдзе тэматычны флэшмоб. Факел пабывае на Блакітнай крыніцы ў Слаўгарадскім раёне, помніку прыроды рэспубліканскага значэння, а таксама каля мемарыяла вайсковай славы «Лудчыцкая вышыня» ў Быхаве і на Чыгірынскім вадасховішчы. Фінальным пунктам у маршруце эстафеты па Магілёўскай вобласці стане Бабруйск і Бабруйскі раён. Тут сімвал II Еўрапейскіх гульняў прабудзе два дні. 3 чэрвеня пасля ўрачыстай часткі на плошчы Леніна яго пранясуць па вуліцах горада да «Бабруйск-Арэны», а 4 чэрвеня факеланосцы наведаюць ААТ «Чырвоны харчавік», «Белшына» і СВК «Гігант» у аграгарадку Вялікія Бортнікі.

Пасля падарожжа па нашым рэгіёне агонь II Еўрапейскіх гульняў адправіцца ў Гомельскую вобласць.

Агонь II Еўрапейскіх гульняў быў запалены 3 мая ў Рыме ў комплексе Ara Pacis Museum, дзе знаходзіцца знакаміты помнік архітэктуры Арка свету. Затым Беларускія альпіністы паднялі факел на самую высокую кропку Еўропы – гару Манблан. У Еўропе «Полымя свету» наведала Славенію, Аўстрыю, Венгрыю, Чэхію, Славакію і Польшчу. Маршрут эстафеты завершыцца 21 чэрвеня на Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама» – падчас цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў будзе запалены агонь форуму.

II Еўрапейскія гульні пройдуць у сталіцы з 21 па 30 чэрвеня. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту.

Беларусь атрымала права на правядзенне II Еўрапейскіх гульняў 21 кастрычніка 2016 года па выніках галасавання дэлегатаў з 50 краін на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў у Мінску.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая