RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Фінал конкурсу «100 ідэй для Беларусі» ў Магілёўскай вобласці пройдзе ў анлайн-фармаце

Рэгіянальны фінал рэспубліканскага моладзевага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» пройдзе ў Магілёве ў анлайн-фармаце. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным камітэце ГА «БРСМ», які пры падтрымцы аблвыканкама выступае арганізатарам мерапрыемства.

Конкурс пройдзе 18 снежня на пляцоўцы Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Адкрыццё запланавана на 11.00. У 18.00 у групе УКантакце «Моладзь Магілёўшчыны» стануць вядомыя імёны пераможцаў. Найлепшыя інавацыйныя ідэі прадставяць наш рэгіён на рэспубліканскім фінале.

«Удзел у абласным этапе прымуць найлепшыя моладзевыя праекты Магілёўшыны, пераможцы занальных этапаў. Усяго будзе прадстаўлены 31 праект, які закранае грамадскую, сацыяльную, эканамічную, экалагічную, аграпрамысловую і іншыя сферы дзейнасці», – паведамілі ў абкаме БРСМ.

У прыватнасці, бабруйчане пакажуць робата, з дапамогай якога магчымая ачыстка паверхні прадметаў без удзелу чалавека. Матэрыялы для зборкі больш даступныя ў параўнанні з аналагам, запэўніваюць распрацоўшчыкі. Тут жа прэзентуюць канструктар-трэнажор з чыстых драўняных матэрыялаў для развіцця, рэабілітацыі і аднаўлення маторыкі рук. Магілёўцы прадэманструюць партатыўны вымяральнік дробных часціц у паветры, а маладыя людзі з Горак – аднаразовы посуд з салёнага цеста.

Ацэньваць ідэі наватараў будзе абласны экспертны савет. У яго складзе – прадстаўнікі ўлады, кіраўнікі дзяржаўных, прыватных прадпрыемстваў і арганізацый, інвестары.

Арганізатарам рэспубліканскага моладзевага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» выступае ГА «БРСМ». Праект накіраваны на развіццё моладзевага вынаходніцтва і рацыяналізатарства, аказанне дапамогі ў прасоўванні моладзевых інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца маладыя людзі ад 14 да 31 года і маладыя навукоўцы ва ўзросце да 35 гадоў. Свае працы, праекты і прапановы яны могуць прадставіць у 10 розных намінацыях.

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая