RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Форум моладзі Магілёўскай і Бранскай абласцей праходзіць у Касцюковічах

Форум моладзі Магілёўскай і Бранскай абласцей праходзіць у Касцюковічах. Гасцям падрыхтавалі насычаную і яскравую праграму.

Удзельнікамі форуму сталі больш за 50 чалавек: прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання і самакіравання, маладзёжных грамадскіх арганізацый, Маладзёжных парламентаў, студэнцкая і працуючая моладзь. Форум будзе праходзіць на працягу двух дзён.

Сёння яны наведваюць Касцюковіцкі раён, дзе праходзяць тэматычныя пляцоўкі. У краязнаўчым музеі абмяркоўваюцца інструменты па ўзмацненні фарміравання патрыятызму і грамадзянскасці сярод моладзі. На базе Беларускага цэментнага завода будуць разглядаць актуальныя пытанні арганізацыі работы з моладдзю на прадпрыемствах Магілёўскай і Бранскай абласцей, а ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры – фарміравання здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяроддзі.

Прывітала дэлегацыі старшыня Касцюковіцкага райвыканкама Аляксандра Міхеенка. «Нагодай для сустрэчы паслужыла не толькі даручэнне губернатараў дзвюх абласцей, але і вялікае жаданне нас, людзей старэйшага пакалення, перадаваць вам эстафету сяброўства нашых рэгіёнаў, – адзначыла яна. – Сяброўства нашых дзвюх дзяржаў завешчана нам продкамі, таму мы заўсёды радуемся перамогам нашых суседзяў, гатовы прыйсці адзін аднаму на дапамогу ў любых сітуацыях. Сімвалічна, што наша сустрэча праходзіць у год, аб'яўлены ў Беларусі Годам гістарычнай памяці. Сёння задача кожнага беларуса і расіяніна – захаваць гістарычную праўду і памяць аб гераічным подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Бо тэма вайны была і застаецца важным і блізкім пытаннем для грамадзян нашых краін».

Як адзначыла старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык, маладзёжнае супрацоўніцтва дзвюх абласцей развіваецца доўгія гады, і такія сустрэчы сталі ўжо добрай традыцыяй. «Падтрымка ініцыятыў, накіраваных на ўмацаванне сяброўства і ўзаемаразумення моладзі нашых абласцей, з'яўляецца важнай задачай дзяржаўных органаў. Моладзь – гэта стратэгічны рэсурс развіцця любой дзяржавы. Менавіта маладыя адукаваныя людзі – гэта наша сучаснасць і будучыня, – адзначыла яна. – Праца з моладдзю патрабуе нестандартных рашэнняў, дакладна сфармуляваныя прыярытэты дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, у першую чаргу, павінны быць накіраваны на выхаванне грамадзяніна – патрыёта, сталага і адказнага чалавека. Рэаліі сучаснага свету падахвочваюць нашы дзяржавы да больш эфектыўнага абмену думкамі і досведам. У дадзеных умовах шырокая далучанасць моладзі – ключавы фактар эфектыўнага ўзаемадзеяння і стабільнага развіцця дзяржавы».

Дырэктар Дэпартамента ўнутранай палітыкі Бранскай вобласці Віталь Свінцоў падкрэсліў, што форум моладзі праходзіць у вельмі няпросты час. «Хацелася б адзначыць, што праходзіць мерапрыемства ў вельмі складаны час, на нас аказваецца найвялікшы ціск з боку міжнароднай супольнасці. Але ў нас з вамі ёсць супольная гісторыя. Праходзілі стагоддзі, але наша сяброўства было непарушнае. У нас ёсць агульная Перамога, якую мы шануем і ніколі не забудзем. У нас ёсць агульнае гора. На Браншчыне ёсць Хацунь, у Беларусі ёсць Хатынь. Гэта дзве вёскі, спаленыя дашчэнту. І гэта мы з вамі таксама не павінны забыць, – адзначыў ён. – Як не павінны забыць нашы дзеці. І праз выхаванне моладзі, працу з ёю мы павінны захаваць тыя важныя дасягненні і тыя важныя моманты, якія ёсць у нашых народаў. Тады з агульнай гісторыяй, з усведамленнем таго, што было здзейснена нашымі продкамі, наша моладзь зможа таксама сябраваць, любіць і выхоўваць дзяцей».

Адным з удзельнікаў маладзёжнай сустрэчы стаў Павел Сяргуцін з Бранска. Ён працуе на машынабудаўнічым заводзе. «Нам цікава, як развіта маладзёжная палітыка ў Беларусі. Абмяняемся досведам, падзелімся сваімі ведамі. Навучым нечаму адзін аднаго па маладзёжнай тэматыцы, – падзяліўся ён. – Упершыню на такім форуме, таму вельмі цікава».

Не менш насычаная праграма чакае ўдзельнікаў форума і заўтра. Яны пазнаёмяцца з Магілёвам, сустрэнуцца з губернатарамі Магілёўскай і Бранскай абласцей у аблвыканкаме, дзе пройдзе падпісанне Рэзалюцыі аб супрацоўніцтве ў сферы маладзёжнай палітыкі. Пасля гэтага ўдзельнікі форуму пераедуць у Шклоўскі раён, дзе наведаюць Трафімаву крыніцу, школу, дзе вучыўся Аляксандр Лукашэнка, перасоўную экспазіцыю Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а пасля адправяцца на свята «Купалле».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая