У Магілёве і Магілёўскім раёне 14 мая прайшоў аўтапрабег, прымеркаваны да дня Дзяржаўнага флага, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна краіны. Ён сабраў больш за 60 машын і 150 удзельнікаў.
Святочная калона ўпрыгожаных дзяржаўнай сімволікай машын праехала па ўсім горадзе. Пачатковым пунктам маршруту стаў мікрараён Казіміраўка, канчатковай - мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле». Тут удзельнікі аўтапрабегу ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны і ўсклалі кветкі да памятнай дошкі на капліцы, масава праспявалі беларускі гімн і разгарнулі вялікае палатно дзяржаўнага флага памерам 9 на 20 м.
Да прысутных на Буйніцкім полі звярнуўся першы сакратар абласнога камітэта БРСМ Аляксандр Саксонаў: «Сённяшняе свята сімвалізуе нашу незалежнасць, і мы невыпадкова сабраліся тут, на месцы вялікага подзвігу нашых землякоў. Мы ўсе ведаем і разумеем, які ўклад яны ўнеслі ў развіццё нашай Беларусі - зараз мы можам жыць у свабоднай і незалежнай краіне, будаваць дамы і гадаваць дзяцей. У даніну павагі іх памяці, у тым ліку, праводзіцца і нашае сённяшняе мерапрыемства».
«Прыехалі сёння з жонкай Сняжанай і дачкой Евай, калегамі па працы, - распавядае намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы і побыце Магілёўскага мясакамбіната Уладзімір Паўлоўскі. - Выхадны дзень, нядзельная сонечная раніца, але ўсё роўна мы тут. Разам з іншымі прадпрыемствамі, грамадскасцю мы аб'ядноўваемся, бо такія мерапрыемствы сапраўды гуртуюць жыхароў Магілёва і вобласці. Гэта класная ініцыятыва нашага саюза моладзі, і мы яе ўсяляк падтрымліваем. Важна, каб як мага больш людзей залучаліся ў аўтапрабегі, флэшмобы і іншыя актыўнасці. Гэта таксама праява патрыятызму».
Работніца тралейбуснага парка №1, магіляўчанка Алена Барбулат з сынам Даніілам удзельнічаюць у такім аўтапрабегу ўпершыню. «Мы з задавальненнем вырашылі праехаць з аўтапрабегам, нават пытання не стаяла, удзельнічаць ці не, - дзеліцца жанчына. - Гэта вельмі цікавае мерапрыемства, усё ўрачыста - атрымалі мора станоўчых эмоцый. Дзень дзяржаўных сімвалаў важны для ўсіх - і для дарослых, і для дзяцей, якія павінны ведаць, што такое Беларусь, які наш герб, гімн і сцяг, наколькі беражліва і адказна трэба ставіцца да гэтых сімвалаў. Да таго ж, гэта развівае гонар за сваю краіну і патрыятызм, радасць за нашу Беларусь. Свята вельмі патрэбнае».
Муж і жонка Таццяна Шунькіна і Вячаслаў Мірончанка сёння таксама сталі ўдзельнікамі аўтапрабегу - ехалі ў калоне ў ліку першых. Яны проста неабыякавыя гараджане, якія даведаліся аб мерапрыемстве з інтэрнэту і шчыра захацелі далучыцца. Магілёўцы з нецярпеннем чакалі гэтай падзеі - гавораць, атрымалі незабыўныя эмоцыі і магутны патрыятычны зарад.
«Мы павінны ганарыцца сваёй краінай, шанаваць і паважаць яе гісторыю і традыцыі, а таксама рабіць усё для яе развіцця і працвітання, - адзначае Таццяна Шунькіна. - Толькі агульнымі намаганнямі можна дабіцца міру і спакою, беражлівых адносін да памяці старэйшага пакалення - ветэранаў, якія ў свой час забяспечылі гэтыя каштоўнасці на нашай зямлі. Упэўнена, што гэтаму трэба вучыць і нашых дзяцей, як і таму, што ў сваю зямлю, яе росквіт трэба ўкладваць нешта сваё. Дзеці павінны бачыць такое стаўленне ад нас, пераймаць яго і ў далейшым перадаваць новым пакаленням. Усё павінна ісці з пакаленьня ў пакаленьне. Калі гэтага не рабіць, то наперадзе толькі адзін шлях - забыццё».
«Я ганаруся, што жыву ў такой краіне - мірнай і светлай, - дзеліцца Вячаслаў Мірончанка. - Мае дзяды таксама зрабілі ўклад у спакойны сённяшні дзень - адзін з іх загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, другі дайшоў да Берліна. І сёння я ўдвая ганаруся, што мы жывем пад нашым беларускім сцягам. Беларусам хочацца пажадаць толькі здароўя, дабра, міру і чыстага неба над галавой».
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
03.06.2025 - 13:17
03.06.2025 - 12:35
Прамыя тэлефонныя лініі пройдуць у Магілёўскай вобласці 7 чэрвеня
03.06.2025 - 11:15
Унікальная экспазіцыя. «Цягнік Перамогі» прыбудзе ў Магілёў 28 чэрвеня
03.06.2025 - 10:39
У Магілёве ўшанавалі памяць дзяцей вайны: акцыя «Гірлянда памяці» ад Беларускага дзіцячага фонду