RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Гатоўнасць сельгасарганізацый Магілёўскай вобласці да ўборкі ўраджаю і ход нарыхтоўкі травяных кармоў абмеркавалі на абласным семінары-вучобе

Гатоўнасць сельгасарганізацый вобласці да ўборкі ўраджаю, ход нарыхтоўкі травяных кармоў і правядзенне меліярацыйных мерапрыемстваў сёння абмяркоўваюць на абласным семінары-вучобе, які праходзіць у Магілёўскім і Шклоўскім раёнах.

У семінары бяруць удзел старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, старшыні райвыканкамаў, кіраўнікі і спецыялісты абласных службаў, меліярацыйных арганізацый. На тэрыторыі Магілёўскага раёна ўдзельнікі семінара наведалі сельскагаспадарчыя палі СДП «Авангард», ЗАТ «Агракамбінат «Зара», ААТ «Палыкавічы» паблізу вёсак Нікіцінічы, Селішча і Купелы, аграгарадка Рэчкі.

- Кіраўнікоў рэгіёнаў сабралі для таго, каб абмеркаваць сітуацыю, якая складваецца ў нашай вобласці. Першае - гэта ўборка збожжавых. Паралельна разглядаем корманарыхтоўку, што зараз з'яўляецца для нас вельмі важнай задачай. Умовы надвор'я ўнеслі свае карэктывы, неабходна перабудоўвацца, прадпрымаць шэраг дадатковых дзеянняў для таго, каб у поўным аб'ёме забяспечыць нашу жывёлагадоўлю травяністымі кармамі, - падкрэсліў губернатар.

Адзначана, што азімы ячмень у вобласці ўбраны з плошчы 15 тыс. гектараў (у 2022 - 5,5 тыс. га) або 56% ад плошчы, якая падлягае ўборцы. Намалочана 38,8 тыс. тон пры ўраджайнасці 26 ц/га (- 8,2 ц/га да ўзроўню 2022 года).

Найбольшая ўраджайнасць азімага ячменю ў 34 ц/га атрымана ў Шклоўскім раёне, 33 ц/га - Кіраўскім, 31 ц/га - Магілёўскім, 30 ц/га - Чэрыкаўскім, Горацкім, Крычаўскім, Круглянскім і Мсціслаўскім.

Пачалася ўборка азімага рапсу. На сённяшні дзень гэта культура ўбрана на плошчы 266 га або 1% ад плошчы, якая падлягае ўборцы. Намалочана 438 тон пры ўраджайнасці 16 ц/га. Уборку азімага рапсу пачалі Касцюковіцкі, Краснапольскі, Хоцімскі раёны.

Што да нарыхтоўкі травяных кармоў, то ў цэлым па вобласці травы другога ўкосу скошаны на плошчы 20,5 тыс. гектараў (16% да плана).

Старшыня Магілёўскага райвыканкама Алег Чыкіда, гаворачы аб ходзе нарыхтоўкі травяных кармоў і гатоўнасці да ўборкі ўраджаю-2023 у сельгасарганізацыях раёна, адзначыў, што плануецца нарыхтаваць на зімова-стойлавы перыяд 2023-2024 года 32,25 цэнтнера кармавых адзінак. Колькасць буйной рагатай жывёлы на пачатак наступнага года складзе ў Магілёўскім раёне больш за 42 тысячы галоў. Неабходна ўбраць каля 40 тысяч гектараў збожжавых і зернебабовых культур і азімага рапсу.

Механізатарскія кадры, тэхніка, зернесушыльныя комплексы і складскія памяшканні ў Магілёўскім раёне гатовы да прыёмкі збожжа новага ўраджаю. Цяпер у гаспадарках раёна вядзецца ўборка азімага ячменю, неўзабаве прыступім да ўборкі азімага рапсу.

pniva.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая