RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Генпракуратура падарыла выхаванцам школы-інтэрната ў Асіповічах аргтэхніку

Прадстаўнікі Генпракуратуры падчас рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» наведалі Асіповіцкую спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарата, паведамілі ў прэс-службе ведамства.

Сустракацца з выхаванцамі інтэрната напярэдадні Новага года стала добрай традыцыяй. Нягледзячы на напружаны перадсвяточны графік, гэту традыцыю ў пракуратуры не мяняюць ужо шмат гадоў.

Сёлета да дзяцей прыехалі намеснік генпракурора Аляксандр Лашын, старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі Генпракуратуры Анатоль Загародні, прадстаўнікі першаснай арганізацыі Генпракуратуры Беларускага саюза жанчын. Дзецям падарылі садавіну і прысмакі, цацкі, сродкі для догляду, аргтэхніку.

Уручаючы падарункі, Аляксандр Лашын пажадаў дзецям каляднага цуду, шмат сіл, дабра і здароўя. Ён заклікаў дарослых не забываць праз мітусню або па нейкай іншай прычыне пра важныя для дзяцей рэчы: любоў, увагу, клопат.

Асіповіцкая дзяржаўная спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарата адкрыта ў 1964 годзе. Ва ўстанове створаны неабходныя ўмовы для выхавання, навучання і развіцця дзяцей ва ўзросце ад 3 да 17 гадоў. Усе выхаванцы атрымліваюць комплекснае індывідуальнае і групавое аздараўленча-аднаўленчае лячэнне, уключаючы лячэнне па методыцы біялагічнай зваротнай сувязі. Каб дапамагчы дзецям у пераадоленні хвароб, іх рэгулярна аглядаюць вузкія спецыялісты.

Тэкст – БЕЛТА, фота Генпракуратуры

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая