RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Графікі працы ўчастковых выбарчых камісій зацверджаны ў Магілёўскай вобласці

Паседжанне абласной выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў адбылося сёння ў Магілёве. Асноўным пытаннем парадку дня стала зацвярджэнне графікаў працы ўчастковых выбарчых камісій.

Як расказаў старшыня Магілёўскай абласной выбарчай камісіі Яўген Алекса, у працэсе работы разглядаліся важныя арганізацыйныя моманты, а таксама пытанні размеркавання сродкаў для ніжэйстаячых выбарчых камісій на падрыхтоўку і правядзенне выбараў:

«У нас у вобласці мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ўлады створана 693 участкі для галасавання і сёння, 25 студзеня, фактычна завяршаецца ўтварэнне ўчастковых выбарчых камісій. Працэс вылучэння ў склад участковых выбарчых камісій, як і ў акруговыя, тэрытарыяльныя, быў дастаткова актыўным. Мы можам казаць, што больш за 7,3 тыс. чалавек папярэдне могуць увайсці ў склад участковых выбарчых камісій. Традыцыйна актыўна ў гэтым пытанні праявілі сябе грамадскія аб'яднанні, палітычныя партыі, працоўныя калектывы. Усе гэтыя прадстаўнікі, я думаю, будуць прадстаўлены ў складзе ўчастковых выбарчых камісій.

Сёння на паседжанні камісіі мы зацвердзілі графікі працы выбарчых камісій. Гэта звязана найперш з тым, што з 9 лютага кожны выбаршчык атрымлівае магчымасць прыйсці на свой участак і праверыць, ці ўключаны ён у спіс для галасавання. Таксама ўлічваліся тыя прапановы, якія ішлі з месц. Так, абласная выбарчая камісія сваім рашэннем устанавіла, што ўчастковыя выбарчыя камісіі ў сельскай мясцовасці ў перыяд з 9 па 19 лютага будуць працаваць у рэжыме з панядзелка па пятніцу - з 15.00 да 17.00. У суботу - з 12.00 да 14.00. Усе астатнія ўчастковыя выбарчыя камісіі будуць працаваць з панядзелка па пятніцу - з 17.00 да 19.00 і ў суботу - з 12.00 да 14.00. Усё гэта робіцца для зручнасці выбаршчыкаў».

Старшыня абласной выбарчай камісіі нагадаў, што 25 лютага кожны выбаршчык прыйдзе на свой участак для галасавання, каб праявіць актыўную грамадзянскую пазіцыю і зрабіць выбар. Дакументам, які дазволіць атрымаць бюлетэнь на рукі, будзе з'яўляцца найперш пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь або ідэнтыфікацыйная карта. Таксама можа быць прад'яўлена членам участковых камісій для атрымання бюлетэняў вадзіцельскае, пенсіённае або службовае пасведчанне работніка дзяржаўнага органа (арганізацыі), пасведчанне інваліда (пры наяўнасці ў іх фатаграфіі), ваенны (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), студэнцкі або білет вучня. У выпадку страты (крадзяжу) пашпарта або ідэнтыфікацыйнай карты - даведку органа ўнутраных спраў, якая пацвярджае асобу. Грамадзяне Расійскай Федэрацыі, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, пры ўдзеле ў галасаванні па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў прад'яўляюць від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь або біяметрычны від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь замежнага грамадзяніна.

«Безумоўна, атрымаўшы бюлетэні, кожны зможа зрабіць той выбар, які палічыць патрэбным. Да 31 студзеня ў нас працягваецца працэс рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты - камісіі яшчэ правяраюць тыя дакументы, якія паступілі ад асоб, якія пажадалі вылучыцца кандыдатамі ў дэпутаты. А з 31 студзеня пачнецца, як я лічу, дастаткова цікавы перыяд агітацыі, дзе мы, як выбаршчыкі, будзем бачыць за каго зможам прагаласаваць 25 лютага ў Адзіны дзень галасавання», - падсумаваў Яўген Алекса.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая