Хрэсны ход з Магілёва ў Баркалабава зробяць праваслаўныя паломнікі 23 ліпеня. Шэсце прымеркавана да свята ў гонар Баркалабаўскага абраза Божай Маці, які адзначаецца 24 ліпеня.
Вернікі адправяцца ў дарогу раніцай пасля набажэнства ў Свята-Мікольскім манастыры ў Магілёве. Далей 40-кіламетровы шлях багамольцаў будзе пралягаць праз Буйнічы, Салтанаўку, Дашкаўку і іншыя населеныя пункты. Фінальнай кропкай шэсця стане Спаса-Узнясенскі манастыр у вёсцы Баркалабава Быхаўскага раёна, дзе знаходзіцца цудатворны абраз. Завершыцца мерапрыемства святочнай літургіяй.
Як паведамілі ў Магілёўскім епархіяльным упраўленні, у сувязі з эпідэміялагічным становішчам арганізаванага начлегу не будзе. Таму ўдзельнікам хрэснага ходу, якія жадаюць застацца ў Баркалабава да 24 ліпеня, неабходна прадугледзець самастойны начлег (узяць палаткі, спальныя мяшкі і да т. п.). Усіх удзельнікаў таксама просяць мець з сабой індывідуальны посуд і выконваць меры засцярогі, рэкамендаваныя ўрачамі.
Баркалабаўская ікона Божай Маці – адна з самых шанаваных святыняў у Беларусі. У многіх храмах знаходзяцца яе спісы. Паводле падання, абраз у Баркалабаўскім манастыры пакінуў, вяртаючыся з паходу, рускі князь Пажарскі. Коні князя спыніліся каля манастыра і не рухаліся з месца, паказаўшы гэтым месца далейшага знаходжання святыні.
Знакамітая ікона асабліва праславілася цудамі падчас Паўночнай вайны і вайны 1812 года. Пасля 1920 года, калі манастыр быў зачынены, абраз захоўвалі вернікі. А напярэдадні Вялікадня 1953 года цудатворны абраз прынеслі ў Свята-Траецкі храм Быхава. Там цудатворны абраз захоўваўся да ліпеня 2010 года, нязменна збіраючы вялікую колькасць вернікаў. 25 ліпеня 2010 года старажытны абраз быў урачыста перанесены ў адноўлены Баркалабаўскі манастыр. Зараз тут адзначаюць двайное свята цудатворнага абраза: 24 ліпеня – Дзень здабыцця і 25 ліпеня – Дзень перанясення абраза з града Быхава ў Баркалабаўскі манастыр.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
24.02.2025 - 09:33
Магілёўскі драмтэатр: на многія пастаноўкі форуму «М.@rt кантакт — 2025» білеты амаль распрададзены
20.02.2025 - 10:34
Новыя падрабязнасці пра тэатральны форум «M.@rt кантакт»-2025
19.02.2025 - 12:16
Спектакль «Сабачае сэрца» пермскага тэатра паказалі ў Магілёве