RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ігар Карпенка расказаў, ці хопіць часу на падрыхтоўку да выбараў

Старшыня ЦВК Ігар Карпенка ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» распавёў, ці хопіць часу на падрыхтоўку да выбараў.

Адказваючы на пытанне аб тым, што тыя, хто сядзіць за межамі краіны, гавораць, што мала часу на падрыхтоўку да выбараў, Ігар Карпенка адзначыў, што так гавораць людзі, якія не разумеюць, што такое выбарчы працэс. «Правядучы адну выбарчую кампанію альбо ўдзельнічаючы ў адной з выбарчых кампаній, ты мусіш ужо рыхтавацца да наступнай. Так робіць Цэнтральная выбарчая камісія – мы правялі адзіны дзень галасавання, мы прааналізавалі вынікі гэтага дня, правялі працу над памылкамі, правялі вялікі семінар. Любы кандыдат у дэпутаты ці ў Прэзідэнты, калі ён меў намер удзельнічаць у выбарах, гэтае пытанне не вырашае за некалькі дзён пасля аб'яўлення даты выбараў. Гэтым трэба было займацца ўжо нават не год і не два таму, а як мінімум пяць гадоў таму», – сказаў ён.

На пытанне, ці змогуць узяць удзел у выбарах тыя, хто знаходзіцца ў Польшчы, старшыня ЦВК падкрэсліў, што ўсё залежыць ад выканання пэўных патрабаванняў. «У выбарчым заканадаўстве ёсць патрабаванні, напрыклад, да цэнзу аселасці, да ўзросту, да адсутнасці судзімасці і пагашанай, і непагашанай (што тычыцца кандыдатаў у Прэзідэнты), таксама кандыдат у Прэзідэнты не павінен мець грамадзянства замежнай дзяржавы, не павінен мець дакументаў, якія падаюць льготы на тэрыторыі замежных дзяржаў па рэлігійнай, нацыянальнай прыкмеце. Калі такі грамадзянін знаходзіцца за межамі нашай краіны і хоча прымаць удзел у выбарах Прэзідэнта ў якасці кандыдата, то, па-першае, ён павінен сюды прыехаць, зарэгістраваць ініцыятыўную групу, якая павінна сабраць не менш як 100 тыс. подпісаў грамадзян за вылучэнне такога кандыдата. Калі ён будзе падпадаць пад усе гэтыя крытэры, якія вызначаны выбарчым заканадаўствам, то ён мае права ўдзельнічаць у выбарах. Але калі нейкія з гэтых пунктаў невыканальныя, чалавек не можа адпавядаць дадзеным пунктам, ён не можа быць кандыдатам у Прэзідэнты», – праінфармаваў Ігар Карпенка.

Ужо заўтра адбудзецца пасяджанне ЦВК. «Мы прымем каляндарны план выбарчай кампаніі, які дазволіць усім суб'ектам і ўдзельнікам выбарчай кампаніі бачыць асноўныя этапы яе правядзення, тэрміны тых ці іншых працэдур, якія неабходна ажыццяўляць у адпаведнасці з заканадаўствам. Таксама мы растлумачым парадак вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты, парадак фарміравання тэрытарыяльных камісій, зацвердзім метадычныя рэкамендацыі для тэрытарыяльных і ўчастковых камісій. Дарэчы, метадычныя рэкамендацыі ў нас ужо былі гатовы недзе паўгода таму, нам зараз толькі застаецца паставіць адпаведныя даты і здаць гэтыя матэрыялы. Яшчэ задоўга да выбарчай кампаніі мы распачалі працэс навучання патэнцыйных арганізатараў выбараў. Нам неабходна, каб усё ж у выбарчым працэсе былі задзейнічаныя людзі адказныя, прафесійна пісьменныя, юрыдычна падкаваныя, якія маюць пэўны досвед гэтай працы, таму мы вельмі сур'ёзна ставімся да падбору і расстаноўкі людзей, якія павінны працаваць у складзе камісій. Таму гэта вельмі адказная і сур'ёзная праца, улічваючы, што гэтыя людзі, як правіла, працуюць на грамадскіх пачатках, у вольны ад асноўнай працы або вучобы час, таму яны павінны валодаць усімі тымі неабходнымі якасцямі для таго, каб аднастайна прымяняць заканадаўства і выконваць усе тыя. працэдуры, якія патрабуе заканадаўства ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам», - канстатаваў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Выбары Прэзідэнта Беларусі назначаны на 26 студзеня 2025 года

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая