RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ігар Марзалюк: падручнік гісторыі беларускай дзяржаўнасці для ВНУ прэзентуюць 15 верасня

Прэзентацыя падручніка гісторыі беларускай дзяржаўнасці для ВНУ пройдзе 15 верасня. Пра гэта на дыялогавай пляцоўцы рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Беларусь адзіная» ў Барысаве, прымеркаванай да Дня народнага адзінства, заявіў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк.

На правакацыйнае пытанне журналіста, як супрацьстаяць уплыву заходніх каштоўнасцяў на беларускую моладзь, гісторык адказаў цытатай Канфуцыя: «Сябры не тыя, хто думае аднолькава, а тыя, хто думае аб адным і тым жа». Таму давайце думаць пра нашу Беларусь. Наша гістарычная памяць не можа быць прычасанай, не можа быць нарэзкай нейкіх зручных фактаў з адкідваннем нязручных. Прэзідэнт вельмі правільна сказаў: «Гісторыя Беларусі – гісторыя вялікага народа». У нас даўнія гістарычныя традыцыі: адлік нашай дзяржаўнасці пачынаецца з Полацка і Турава. Мы былі этнавызначальнай этнічнай агульнасцю ў ВКЛ. Аб усім гэтым павінен ведаць кожны беларус».

Шмат увагі падчас сустрэчы была нададзена пытанням гістарычнай памяці, нацыянальнай і грамадзянскай самаідэнтычнасці. Ігар Марзалюк вылучыў нацыянальныя прыкметы беларусаў, такія, як чалавечнасць, талерантнасць, дабрыня, якія адрозніваюць беларускі народ ад усіх іншых. «Гістарычная памяць – гэта адказ на тры найважнейшыя фундаментальныя пытанні: адкуль мы, чаму мы і чаму мы такія, якія мы ёсць. Менавіта на аснове гістарычнай традыцыі, калектыўнага вопыту пакаленняў мы будуем сваю стратэгію развіцця. У нас свая гісторыя, свая беларуская традыцыя і свой беларускі народ, які, нягледзячы на найскладанейшы шлях развіцця і ўсе выпрабаванні, якія выпалі на яго долю ў XX стагоддзі, здолеў захаваць чалавечнасць. Мы павінны ганарыцца, што беларусы – самы чалавечны і антынацысцкі народ. Для большасці беларусаў нехарактэрны ген здраднікаў. Беларусы ніколі не дазвалялі сабе, у адрозненне ад іншых народаў, самавольныя пагромы яўрэйскага насельніцтва і знішчэнне людзей па расава-этнічнай прыкмеце. Адзін з польскіх гісторыкаў абсалютна справядліва адзначыў, што Беларусь – краіна добрых людзей. І гэтую дабрыню, традыцыю і сілу мы павінны захоўваць сёння, заўтра і заўсёды», – падкрэсліў эксперт.

Па словах Ігара Марзалюка, Беларусь – прыклад таго, што нацыянальная дзяржава можа існаваць без нянавісці і ксенафобіі, калі пад нацыяй маюцца на ўвазе ўсе, у каго ёсць беларускі пашпарт, незалежна ад паходжання.

Гісторык таксама адзначыў, што пры яго ўдзеле быў створаны падручнік па гісторыі беларускай дзяржаўнасці для беларускіх ВНУ. Прэзентацыя кнігі накладам у 5,5 тыс. асобнікаў пройдзе 15 верасня. Новы падручнік па гісторыі Беларусі з’явіцца ў вучняў 11-х класаў сярэдніх навучальных устаноў. Праз год абновяцца падручнікі па гісторыі Беларусі для сістэмы прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая