RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ігар Петрышэнка: у фарміраванні навучальнага працэсу ў школах неабходны комплексны падыход

У фармаванні навучальнага працэсу неабходны комплексны падыход. Аб гэтым падчас наведвання сярэдняй школы №1 у Слаўгарадзе заявіў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка.

«Мы паглядзелі, як арганізаваны навучальны працэс у сярэдняй школе, разгледзелі пытанні, звязаныя з дааснашчэннем кабінетаў. Гэта неабходна для таго, каб рабяты ў поўнай меры маглі асвойваць прадметы. Таксама абмеркавалі некаторыя моманты, звязаныя з выніковай атэстацыяй, паслухалі пажаданні, якія іспыты неабходна праходзіць, каб атрымаць вышэйшую адукацыю ў нашай краіне. Цяпер па даручэнні кіраўніка дзяржавы з педагогамі, бацькамі і юнакамі абмяркоўваем праблематыку, каб выпрацаваць аптымальную схему і яе зацвердзіць, каб у далейшым школьнікі дакладна ведалі, што іх чакае на выніковай атэстацыі з пункту гледжання атрымання вышэйшай адукацыі», - распавёў ён.

Пільную ўвагу віцэ-прэм'ер удзяліў сучаснаму аснашчэнню школы, азнаёміўся з адукацыйным працэсам. «Мы бачым, што закупленыя камплекты па робататэхніцы цікавыя дзецям. Пагаварылі і аб тым, што трэба больш актыўна праводзіць работу па стымуляванні творчых і інжынерных здольнасцей юнакоў, каб яны маглі прайсці навучанне ў дзіцячым тэхнапарку. Са Слаўгарадскага раёна пакуль адзін вучань з сельскай школы прайшоў такую вучобу. Дырэктару школы выказалі пажаданне развіваць гэты напрамак, каб як мага больш дзяцей дэманстравалі свае інжынерныя здольнасці, маглі развівацца і вызначаць, куды ім далей пайсці вучыцца», - адзначыў Ігар Петрышэнка.

Яшчэ адна немалаважная тэма - арганізацыя школьнага харчавання. «Пакуль па новых параметрах ідзе дааснашчэнне абсталяваннем. Але тут ужо практыкуюцца тыя стравы і тэхнічныя параметры для іх прыгатавання, якія былі вызначаны. Мы ўбачылі, што рабяты з задавальненнем ядуць тое, што прыгатавалі ім кухары, - дадаў віцэ-прэм'ер. - У гэтым пытанні, мне здаецца, мы на правільным шляху. І далей будзем удасканальвацца, каб дзеці маглі добра вучыцца, а мы будзем іх якасна, каларыйна і карысна карміць, прывіваць любоў да правільнага харчавання, каб у меню былі толькі карысныя і патрэбныя стравы. У фарміраванні навучальнага працэсу неабходны комплексны падыход па ўсіх пытаннях».

Сярэдняя школа №1 у Слаўгарадзе самая вялікая школа ў райцэнтры. Тут навучаюцца 803 навучэнцы, працуюць 82 педагагічных работніка. У мінулым навучальным годзе тут абсталявалі кабінет біялогіі, у школе ёсць мультыборды і інтэрактывы, кабінеты інфарматыкі абсталяваны кропкамі доступу да інтэрнета. Як адзначыў дырэктар установы адукацыі Ігар Кавалёў, школа абсталявана ўсім неабходным, каб забяспечваць якасны навучальны працэс. У школе вучацца дзеці не толькі са Слаўгарада, але і бліжэйшых сельскіх населеных пунктаў. Такіх дзяцей тут 18, для іх арганізаваны падвоз.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая