RU BY EN 中文
Twitter Instagram

II Еўрапейскія гульні нададуць новы імпульс развіццю спартыўнага руху ў Беларусі – Сяргей Цяцерын

II Еўрапейскія гульні нададуць новы імпульс развіццю спартыўнага руху ў Беларусі. Такое меркаванне выказаў журналістам старшыня Беларускай тэніснай федэрацыі Сяргей Цяцерын, якому сёння выпаў гонар пачаць эстафету «Полымя свету» ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна.

Шэсць факеланосцаў пранеслі «Полымя свету» па знакавых месцах аграгарадка Александрыя. Стартаваўшы ад мясцовага Дома культуры, яны наведалі спартыўны комплекс, школу, дзе вучыўся Прэзідэнт Беларусі, ААТ «Папяровая фабрыка “Спартак”».

«Гэта выдатна, што ІІ Еўрапейскія гульні праходзяць у нас у Беларусі. На мой погляд, для спорту гэта толькі крок наперад, як і рух наперад для ўсёй краіны, – лічыць Сяргей Цяцерын. – Гэты еўрапейскі рух падобны да алімпійскага. Я думаю, для кожнага грамадзяніна, якому выпаў гонар да яго дакрануцца, а тым больш несці «Полымя свету», гэта стане адным з самых незабыўных момантаў у жыцці. Гэта не менш, чым перамога на прэстыжным турніры».

Факеланосцы наведалі і мясцовую славутасць – Трафімаву крыніцу, дзе ў цені дрэў змаглі перадыхнуць, палюбавацца адкрытымі краявідамі і здаволіць смагу, папіўшы з жыватворнай крыніцы.

«Удзельнічаць у эстафеце для мяне – вялікая адказнасць, – падзялілася зорны пасол II Еўрапейскіх гульняў, уладальніца тытулаў «Міс Беларусь – 2018» і «Міс свету Еўропа – 2018» Марыя Васілевіч. – Разам з тым вельмі прыемна быць часткай гэтай маштабнай падзеі, паколькі яна, я ў гэтым упэўнена, стане грандыёзным святам для нашай краіны».

Зорны пасол успомніла, што прайшлі ў Беларусі чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні і чэмпіянат свету па хакеі. «У мяне да гэтага часу яркія ўспаміны пра гэтыя падзеі ў сталіцы. Я ўпэўнена, што Еўрапейскія гульні прынясуць яшчэ больш станоўчых эмоцый, адкрыюць з новага боку для свету нашу прыгожую краіну», – сказала Марыя Васілевіч. Яна прызналася, што вельмі любіць лёгкую атлетыку і будзе з задавальненнем сачыць за ходам спаборніцтваў па гэтым відзе спорту, а таксама мае намер наведаць усе галоўныя старты на стадыёне «Дынама».

Наступным горадам на шляху эстафеты стануць Горкі, дзе полымя наведае моладзевы культурна-забаўляльны цэнтр «Амфітэатр», батанічны сад Беларускай сельгасакадэміі і цэнтральную плошчу, на якой пройдзе тэматычны флэшмоб. Факел пабывае ля Блакітнай крыніцы ў Слаўгарадскім раёне, помніка прыроды рэспубліканскага значэння, а таксама мемарыяле вайсковай славы «Лудчыцкая вышыня» ў Быхаве і Чыгірынскім вадасховішчы. Фінальным пунктам у маршруце эстафеты па Магілёўскай вобласці стане Бабруйск і Бабруйскі раён. Тут сімвал II Еўрапейскіх гульняў прабудзе два дні. 3 чэрвеня пасля ўрачыстай часткі на плошчы Леніна яго пранясуць па вуліцах горада да «Бабруйск-Арэны», а 4 чэрвеня факеланосцы наведаюць ААТ «Чырвоны харчавік», «Белшыну» і СВК «Гігант» у аграгарадку Вялікія Бортнікі.

Эстафета ўжо прайшла Брэсцкую, Гродзенскую і Віцебскую вобласці, пасля Магілёўскай агонь II Еўрапейскіх гульняў прыме Гомельскі рэгіён.

II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту.

БЕЛТА
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая