RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Інтэрактыў, мультымедыя, эфект прысутнасці. Чым будзе напоўнены Музей славы Магілёўшчыны

Інтэрактывы, мультымедыя, эфект прысутнасці - такім паўстане будучае напаўненне Музея славы Магілёўскай вобласці, будаўніцтва якога вядзецца непадалёку ад мемарыяла на Буйніцкім полі. Пра гэта расказала намеснік начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Наталля Пушнова.

Будаўніцтва ідзе поўным ходам. Тым часам прынята рашэнне крыху скарэкціраваць будучую напаўняльнасць музея. «Захаванне гістарычнай памяці - важны этап развіцця нашай дзяржавы. У краіне для гэтага робіцца шмат. Музей, які будуецца на Буйніцкім полі, - адзін з прыкладаў работы, якая праводзіцца ў нашай дзяржаве, - адзначыла Наталля Пушнова. - Першапачаткова музей планаваўся як музей воінскай славы. Але пры распрацоўцы канцэпцыі, у якой удзельнічала шмат прафесіяналаў, сярод якіх гісторыкі, палітолагі, пошукавікі і ветэраны, усе прыйшлі да высновы, што гэта павінен быць музей славы Магілёўшчыны. Каб ён адлюстроўваў не толькі ваенную гісторыю, але і гісторыю нашага рэгіёна, яго стварэнне, развіццё і дасягненні».

Паводле слоў намесніка начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама, профіль музея застанецца ваенна-патрыятычным і ваенна-гістарычным. «Асноўная частка экспазіцыі будзе прысвечана Вялікай Айчыннай вайне, - падкрэсліла яна. - У частцы іншых эпізодаў пашырана храналогія музея. Гэта значыць, мы пачынаем з XIII стагоддзя і пройдзем аж да сучаснасці. Запланавана стварэнне памяшканняў для заняткаў навучэнцаў. Будуць створаны канферэнц-зала і выставачная зала».

Як адзначыла Наталля Пушнова, у будучым музеі будуць прыменены ўсе самыя сучасныя тэхналогіі ў афармленні экспазіцый. Мультымедыйны фармат, інтэрактывы, стварэнне эфекту прысутнасці - усё гэта дапаможа наведвальнікам яшчэ больш прасякнуцца гісторыяй вобласці. Акрамя таго, пасля адкрыцця музей стане культурна-адукацыйным цэнтрам, яшчэ адной пляцоўкай для патрыятычнага выхавання моладзі. Тут плануецца праводзіць тэматычныя экскурсіі, заняткі, а таксама разнастайныя мерапрыемствы.

Фінансаванне будаўніцтва музейнага комплекса вядзецца з бюджэта. Аднак адкрыты дабрачынны рахунак, куды кожны ахвочы можа перавесці пасільную для яго суму. «Падтрымка аб'екта вельмі важная, таму што гэта паказвае, што не толькі дзяржава працуе над захаваннем гістарычнай памяці, але знаходзіцца вельмі шмат неабыякавых людзей, якія таксама хочуць унесці свой уклад у захаванне нашай дакладнай гісторыі», - падсумавала Наталля Пушнова.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая