RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Іван Кубракоў: моцныя традыцыі Магілёўскага інстытута МУС трэба развіваць і памнажаць

Магілёўскі інстытут МУС мае моцныя традыцыі ў пытаннях падрыхтоўкі будучых супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Неабходна не толькі захаваць усе дасягненні, але і прымножыць іх. Такую думку выказаў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў падчас прадстаўлення асабоваму складу Магілёўскага інстытута МУС новага начальніка ВНУ Рамана Раманчука.

У актавай зале сабраліся выкладчыкі і курсанты. Распавёўшы пра досвед працы Рамана Раманчука, міністр звярнуў увагу на кірункі для далейшага паспяховага развіцця ўстановы адукацыі. «Са сцен інстытута павінны выходзіць добра падрыхтаваныя спецыялісты і прафесіяналы. А таму трэба далей развівацца, каб курсанты падчас вучобы атрымлівалі больш практычных навыкаў», - адзначыў Іван Кубракоў.

Звяртаючыся да выкладчыкаў Магілёўскага інстытута МУС, міністр падкрэсліў, што важна наладжваць цеснае супрацоўніцтва з тэрытарыяльнымі органамі ўнутраных спраў. Тым больш, што ў Магілёве для гэтага ёсць усё неабходнае.

«Развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, патрыятычнае выхаванне, пільная ўвага да курсантаў, дастойныя і разумныя прыклады для станаўлення будучых супрацоўнікаў органаў унутраных спраў - усё гэта павінна быць у полі зроку новага начальніка. У Магілёўскім інстытуце МУС вашым папярэднікам, Валерыем Палішчуком, былі закладзены моцныя традыцыі і трывалы падмурак. Гэта трэба не проста захаваць, а развіваць і памнажаць», - сказаў міністр, звяртаючыся да начальніка ВНУ.

Ён таксама даў даручэнне Раману Раманчуку скласці план развіцця Магілёўскага інстытута МУС на бліжэйшы час. «Міліцыя моцная сваім здаровым карпаратыўным духам, а таму, куды б ты ні прыйшоў служыць, усюды важны калектыў. У міліцэйскай ВНУ ў Магілёве пануе свая асаблівая атмасфера. Калі б ні прыязджалі сюды, заўсёды ёсць крэатыў, нешта новае. Трэба гэта развіваць і рухацца наперад», - падкрэсліў міністр.

У сваю чаргу Раман Раманчук адзначыў, што Магілёўскі інстытут МУС стаў вядомым брэндам не толькі ў межах Беларусі. «Наша асноўная задача застаецца ранейшай - выхоўваць сапраўдных патрыётаў, абаронцаў парадку і спакою грамадзян нашай краіны. Нашы выпускнікі штогод паспяхова папаўняюць рады супрацоўнікаў практычных падраздзяленняў органаў унутраных спраў. Будзем удасканальваць навучальны працэс для падрыхтоўкі будучых афіцэраў, улічваючы сучасныя выклікі. Упэўнены, усё ў нас атрымаецца», - падсумаваў начальнік міліцэйскай ВНУ.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая