RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Кааператары павіншавалі выхаванцаў Каменскай дзяржаўнай дапаможнай школы-інтэрната

Цёплымі словамі вітае святочна ўпрыгожанае фае Каменскай дзяржаўнай дапаможнай школы-інтэрната. Гасцей шмат – дзверы ў літаральным сэнсе не зачыняюцца: нават пандэмія не ў стане парушыць шматгадовую сардэчную традыцыю: дабро, як вядома, на каранцін не сыходзіць. Між тым меры бяспекі прынятыя сур’ёзныя.

Ад імя шматтысячнай каманды кааператараў кіраўнік спраў Белкаапсаюза Сяргей Красоўскі пажадаў дзецям рэалізацыі самых смелых задум, педагогам – натхнення і сіл, а ўсім разам – моцнага здароўя і простага чалавечага шчасця. Прывезлі і падарункі: школе – сертыфікат на паўтары тысячы рублёў для набыцця гукавога абсталявання і музычнай апаратуры, дзеткам – прысмакі, канцылярскія прыналежнасці і адзенне.
 
Дапамогу школе і яе выхаванцам аказваюць кааператары ўжо чвэрць стагоддзя. Толькі за апошнія пяць гадоў – прыкладна на 75 тысяч рублёў. І гэта не лічачы таго, што збіраюць па асабістай ініцыятыве работнікі апарату кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый сістэмы – тую ж вопратку, напрыклад.
 
Праз чатыры гады школе споўніцца паўстагоддзя, але адразу не скажаш: выглядае молада і свежа. У вокнах (пакуль яшчэ, праўда, не ва ўсіх) – сучасныя шклопакеты. У спальнях – утульнасць, што падтрымліваецца стараннямі саміх жа дзяцей, якія па-майстэрску шыюць і шторы, і пасцельныя прыналежнасці. У навучальных аўдыторыях – царства сучаснай тэхнікі, а санвузлы з душавымі – і зусім прэміум-клас. Да цяперашняга навучальнага года абнавілі ганак, іншыя элементы фасада і ўваходнай групы, адрамантавалі і зноўку абсталявалі гульнявы пакой. На наступны год, як адзначае дырэктар школы Наталля Міхайлава, запланавалі яшчэ адзін сур’ёзны крок – прыйшоў час асучасніць фае.
 
Добра забяспечаны не толькі побыт. За арганізацыю гуртковай працы школа ўзнагароджана дыпломам Міністэрства адукацыі I ступені. На «ты» вучні і са спортам: паказваюць клас у шашках, міні-футболе, лёгкай атлетыцы. Моцныя ў мастацкай творчасці: рэгулярна прымаюць удзел у конкурсах рэгіянальнага і рэспубліканскага ўзроўню. З «Вясёлкавага карагода», напрыклад, пастаянна прывозяць узнагароды высокай пробы.
 
У майстэрнях – таксама сур’ёзныя дасягненні. У майстра вытворчага навучання вышэйшай катэгорыі Алены Логвінавай, настаўніка абслугоўвальнай працы, за плячыма 26 гадоў у сферы прафтэхадукацыі, у школе ж працуе ўсяго чатыры месяцы. Прызнаецца: не чакала такога ўзроўню прафкампетэнтнасці дзяцей (нагадаем, з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця):
 
– Добрыя і зацікаўленыя, заўсёды кажуць дзякуй за ўрок. Пры гэтым неверагодна працавітыя. Удзельнічалі мы не так даўно ў праграме другаснай занятасці: адшывалі па сацзаказе пасцельныя прыналежнасці. Селі за швейныя машыны і хлопчыкі, многія ўпершыню. І прыемна здзівілі. Напрыклад, сямікласнік Максім Шульга літаральна за тры дні выйшаў на ідэальны радок.
 
Не менш паказальна і тое, што, маючы патрэбу ў апецы дарослых, дзеці імкнуцца апекаваць іншых: аказваюць пасільную дапамогу ветэранам, адзінокім і састарэлым жыхарам навакольных вёсак, даглядаюць помнікі воінам-вызваліцелям у вёсцы Слабодка і загінулым жыхарам у вёсцы Зацішша.
 
Тым часам на ранішніку вясёламу святкаванню ўсяляк перашкаджае Снежная Каралева: зачаравала не толькі ёлку, якая ніяк не можа зайграць агеньчыкамі, але нават казкі, каб вучылі дрэннаму. Дзякуючы дзецям, якія ўзяліся за справу і паспяшаліся на дапамогу Дзеду Марозу са Снягуркай, усе варожыя падкопы ўдалося пераадолець. Так і ў жыцці: калі дзеці і дарослыя разам, у любой гісторыі будзе шчаслівая развязка. Абавязкова.

 

СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая