У навагодніх мерапрыемствах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» прыме ўдзел каля 150 тыс. юных жыхароў Магілёўскай вобласці, – расказалі ў галоўным упраўленні па адукацыі аблвыканкама.
Абласная губернатарская ёлка ў Магілёве адбудзецца 27 снежня ў Палацы культуры вобласці. У сценах гэтай установы яна пройдзе ўпершыню. «На працягу многіх гадоў навагодняе свята прымаў Абласны цэнтр творчасці, – адзначыла намеснік начальніка аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства галоўнага ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Алена Клімянкова. – Сёлета месцам правядзення губернатарскай ёлкі ўпершыню стане пляцоўка Палаца культуры вобласці».
Выбар галоўнай святочнай сцэны быў не выпадковым: год таму да правядзення ў Магілёве V Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі Палац культуры вобласці прайшоў капітальны рамонт з мадэрнізацыяй і ператварыўся ў сучасны шматфункцыянальны культурны цэнтр. Ва ўстанове памяняліся не толькі фасад і інтэр’ер, але і істотна абнавілася тэхнічнае абсталяванне.
«Абласная губернатарская ёлка стане адным з мерапрыемстваў навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», якая пройдзе ў Беларусі з 9 снежня па 10 студзеня, – паведаміла Алена Клімянкова. – Яна збярэ каля 600 дзяцей з усяго рэгіёна, у ліку якіх выдатнікі вучобы, пераможцы раённых і абласных алімпіяд, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама лідары і актывісты дзіцячых грамадскіх арганізацый».
Дзеці прымуць удзел у тэатралізаваным прадстаўленні каля ёлкі, атрымаюць салодкія падарункі і ўбачаць навагоднюю музычную казку «Чароўны пераплёт», галоўным героем якой стане 10-гадовы хлопчык Воўка Піджакоў. Па сюжэце Дзед Мароз вырасціў чароўную елку з кнігамі, а злы чараўнік Шырлін-Мырлін і ведзьма Рампумпель Гадзюкіна спрабуюць іх выкрасці. На дапамогу прыходзіць Воўка: ратуючы кнігі, ён трапляе ў кніжнае царства і сустракае розных літаратурных персанажаў – Снежную Каралеву, Змея Гарыныча, Дон Кіхота і Санча Панса, Айбаліта, Бармалея і многіх іншых.
Паводле слоў рэжысёра Палаца культуры вобласці Міхаіла Варажцова, «Чароўны пераплёт» – гэта гісторыя пра дабро, узаемадапамогу і сапраўднае сяброўства. «Мы вельмі хочам здзівіць нашых маленькіх гледачоў, стварыць для іх сапраўдную атмасферу свята і чакання навагодняга цуда, – расказвае аб прэм’еры суразмоўца. – Прычым, творчая група старалася, каб казка была цікавай дзецям усіх узростаў, у яе стварэнні мы выкарыстоўвалі шмат сучасных тэхналогій – аўдыявізуальных эфектаў і светлавых рашэнняў».
За час навагодніх і калядных святаў – з 21 па 30 снежня, а таксама з 4 па 5 студзеня казку ўбачаць каля 30 тыс. дзяцей і іх бацькоў. Усяго ж удзельнікамі навагодніх мерапрыемстваў рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» стане каля 150 тыс. юных жыхароў Магілёўскай вобласці. Да 10 студзеня прадстаўнікі выканаўчай улады рэгіёна з падарункамі і віншаваннямі наведаюць 50 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, 23 цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, 7 дзіцячых сацыяльных прытулкаў, 10 устаноў інтэрнатнага тыпу абласнога падпарадкавання.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
22.04.2025 - 16:35
18.04.2025 - 20:26
18.04.2025 - 09:11
16.04.2025 - 15:15