RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Канстанцін Шульган: праект будучыні «Разумныя гарады Беларусі» творчы і не мае межаў

Праект будучыні «Разумныя гарады Беларусі» творчы і не мае межаў. Аб гэтым журналістам расказаў міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган на дыялогавай пляцоўцы «Разумныя гарады» ў Беларуска-Расійскім універсітэце ў Магілёве.

«Праект «Разумныя гарады» гатовага рэцэпту не мае, бо гэта творчы праект, які не мае межаў, - сказаў Канстанцін Шульган. - Ужыванне разумных тэхналогій можна ўбачыць у розных напрамках і галінах. Пры стварэнні разумнага горада найперш важна паглядзець, што ўжо ёсць, і прымяніць гэта, а таксама зразумець, што яшчэ неабходна распрацаваць. Тут немалаважнае пытанне кваліфікаваных кадраў, якія змогуць гэта зрабіць. Таму семінары праходзяць у тандэме з Міністэрствам адукацыі. Сімбіёз падрыхтоўкі кадраў, прыняцце і ўвод у эксплуатацыю ўжо існуючых і распрацоўка новых праектаў - праца, якая зараз вядзецца».

Па словах Канстанціна Шульгана, абласны цэнтр стаў трэцім па ліку, дзе праходзіць выязны семінар. «Магілёў - горад з вялікім патэнцыялам, які павінен уключыцца ў працэс, далучыцца да праекту будучыні «Разумны горад», і гэты досвед у далейшым будзе маштабаваны на ўсю краіну. Нельга акрэсліваць межы праекту, таму што нават іншым пакаленням будзе над чым папрацаваць. Галоўная мэта ініцыятывы - зрабіць зручным наша пражыванне, больш эфектыўнымі бізнес-працэсы і правільнае адміністрацыйнае кіраванне на аснове дакладных звестак, якія даюць магчымасць прымяняць лічбавыя тэхналогіі», - дадаў міністр.

Кіраўнік ведамства падкрэсліў, што праект будучыні адобраны кіраўніком дзяржавы, ёсць зацверджаны план урада. «У рамках дзяржпраграмы распрацаваны мерапрыемствы, якія пашыраюць магчымасці праекта, прапрацоўваецца шэраг перспектыўных напрамкаў, дзе мы яшчэ бачым тэхналогіі, здольныя даць эфект, - удакладніў Канстанцін Шульган. - Галоўная задача - інфармаваць, якая ёсць нарматыўная аснова, юрыдычныя правы, абавязкі і інструменты, каб прымяняць лічбавыя тэхналогіі. Мы таксама гаворым аб задачах адукацыі, таму што неабходны кваліфікаваныя кадры. Гэтае пытанне неабходна вырашыць загадзя».

У якасці прыкладу паспяхова рэалізаванага праекта міністр згадаў «Мабільны паштальён», які даў добры эфект і дазволіў людзям незалежна ад месца пражывання – горад ці вёска – атрымліваць увесь спектр паштовых паслуг, і «Мой горад», які аб'яднаў функцыі сучасных узаемаадносін паміж адміністрацыяй горада і рэгіёна, а таксама бізнесам і мясцовымі жыхарамі. Гэтыя два праекты зараз знаходзяцца на маштабным этапе ўкаранення.

Комплексная прэзентацыя праекта будучыні «Разумныя гарады Беларусі» прайшла ў Беларуска-Расійскім універсітэце. Асноўнымі спікерамі мерапрыемства сталі міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган і міністр адукацыі Андрэй Іванец. Прысутныя абмеркавалі канцэпцыю і план рэалізацыі праекта, а таксама чаканыя вынікі яго ўкаранення. Акрамя таго, у час дыялогавай пляцоўкі было закранута пытанне падрыхтоўкі шматузроўневых спецыялістаў для патрэбнасцей лічбавай эканомікі і эфектыўнага ўкаранення праекта. Прадстаўнікі ўніверсітэта прэзентавалі створаны ў ВНУ навукова-адукацыйны цэнтр «Разумны горад», расказалі пра перспектывы арганізацыі сеткавага навучання з улікам тэхнічных рэсурсаў, якія маюцца і ствараюцца.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая