RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Каранавірус не паўплываў на жаданне магіляўчан ажаніцца, але некаторыя карэктывы ў працу ЗАГС унёс

У Магілёве з пачатку года з’явілася 466 новых сем’яў. Гэта нават на дзве больш, чым за аналагічны перыяд (з 1 студзеня па 30 красавіка) 2019-га. Падобна на тое, што пандэмія ніяк не паўплывала на жаданне магілёўцаў уступаць у шлюб. Ці так гэта на самай справе, мы пацікавіліся ў начальніка аддзела ЗАГС Магілёўскага гарвыканкама Галіны Аношкі.

«На жаданне эпідэміялагічная сітуацыя не паўплывала, але некаторыя карэктывы ў працу ўнесла, – удакладняе Галіна Міхайлаўна. – Напрыклад, маладых мы просім, каб на рэгістрацыі шлюбу прысутнічала не больш за 10 чалавек, уключаючы іх саміх і вясельнага фатографа. І яны прытрымліваюцца гэтага правіла».

Каб нявеста і жаніх распісваліся ў масках і медыцынскіх пальчатках – такога ў Магілёве не было. А вось заявы падаваць, паводле слоў супрацоўнікаў аддзела ЗАГС, прыходзяць у масках.

«Звязаць сябе повязямі шлюбу 2 мая выказала жаданне 28 пар. А ў мінулыя выхадныя ў нас зарэгістраваліся 64 новыя сям’і. Першапачаткова заяў было пададзена 72, але 8 пар перанеслі цырымонію. Па розных меркаваннях. Адна планавала выязны роспіс у рэстаране, некалькі хацелі зладзіць вяселле грандыёзнае, што называецца з размахам, а паколькі гэта сёння немагчыма, «перанеслі» яго на больш позні тэрмін – на лета, восень. Двум жаніхам і нявестам давялося пачакаць, таму што адзін з іх замежнік і папросту не можа ўехаць на тэрыторыю Беларусі. Але ў цэлым сітуацыя пазітыўная: людзі ўсё так жа ўлюбляюцца, ствараюць сем’і, нараджаюць дзяцей», – канстатуе Галіна Аношка.

У Індыі сямейная пара назвала нованароджаных двайнят Кавід і Карона – у гонар віруса. Кажуць, хлопчык з такім імем зарэгістраваны і ў Расіі.

Пра тое, каб у нашай краіне хтосьці так ахрысціў дзіця, начальнік аддзела ЗАГС Магілёўскага гарвыканкама не чула. У Магілёве з рэдкіх імёнаў – Платон, Клім, Елісей, Гардзей, Яўсей, Алівія, Міра, Лаліта. А самыя папулярныя сёлета сярод дзяўчынак – Сафія, а сярод хлопчыкаў – Міхаіл. На шчасце, мода на звыклыя простыя імёны вяртаецца і нованароджаных ўсё часцей называюць Сашамі, Дзімамі, Ірамі.

СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая