RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Класіка, сучасная прытча, дэтэктыў – усяму знойдзецца месца ў новым тэатральным сезоне ў Магілёўскай вобласці

У нашы дні паняцце «тэатральная правінцыя» ператвараецца ў анахранізм. Часам і на пафаснай сталічнай пляцоўцы можна сустрэць безнадзейна «правінцыйны» спектакль. Калі аналізуеш цяперашнюю тэатральную афішу нашых рэгіянальных тэатраў, дух захоплівае ад амбіцый, праектаў, назваў. Як у свой час маленькі літоўскі Панявежыс стаў для тэатралаў Масквы і Ленінграда сапраўднай тэатральнай Мекай, так і Пінск або Бабруйск маюць сёння ўсе перадумовы стаць новым месцам сілы.

Магілёўскі абласны тэатр – сапраўдны тэатральны канвеер. Тут ужо адбыліся прэм’ерныя паказы пастаноўкі «Гэта ўсё яна» рэжысёра Уладзіміра Пятровіча па п’есе беларускага драматурга Андрэя Іванова. Характэрна, што нядаўна ў Санкт-Пецярбургскім тэатры «Прытулак камедыянта» таксама прайшла прэм’ера па гэтай п’есе з удзелам зоркі расійскага тэатра і кіно Юліі Аўг.

У кастрычніку Магілёўскі абласны тэатр запрашае на паказы фантазіі «Пікавая дама». Знакаміты пушкінскі твор пераасэнсаваў драматург Дзмітрый Багаслаўскі, а паставіў галоўны рэжысёр сучаснага мастацкага тэатра Ігар Казакоў, які прапрацаваў да гэтага 13 гадоў галоўным рэжысёрам Магілёўскага абласнога тэатра лялек. Паводле слоў аўтараў спектакля, ён пабудаваны на тонкай мяжы пародыі на пушкінскі твор, сутыкненні ілюзіі і рэальнасці. У пастановачную групу спектакля таксама ўвайшлі мастак Таццяна Нерсісян, харэограф Ігар Шугалееў, кампазітар Леанід Паўлянок. Прэм’ерныя паказы «Пікавай дамы» пройдуць 21 і 22 кастрычніка.

Варта сказаць, што ад тандэму Казакоў-Багаслаўскі гледачы заўсёды чакаюць чагосьці нечаканага. Так, іх папярэдняя арыгінальная і эксцэнтрычная праца «Кандыд, або аптымізм»у Магілёўскім абласным тэатры лялек была названая тэатральнымі крытыкамі форума «М@rt.кантакт» найлепшым спектаклем, які перамог у намінацыі «Падзея форума».

У Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча рэжысёр Таццяна Траяновіч рыхтуе прэм’еру спектакля «№ 13» па вядомай п’есе англійскага драматурга Рэя Куні. Камедыя палажэнняў, добра вядомая тэатралам, напэўна прыйдзецца па душы і спрактыкаванаму бабруйскаму гледачу. Не варта забываць, што Бабруйск даўно стаў фестывальным горадам, бо менавіта тут ужо шмат гадоў з поспехам праходзіць рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая