RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Конны выезд і майстар-клас па касьбе: як пройдзе фінал «Уладара сяла»

Першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў расказаў, як сёлета пройдзе фінал рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта, падчас пасяджэння пастаянна дзеючага рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па правядзенні свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»).

«У межах свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») прадугледжана правядзенне фінальнага рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла». У Магілёўскую вобласць 7 ліпеня прыедуць сем’і-фіналісты з усіх рэгіёнаў. Удзельнікі змогуць паглядзець славутасці Магілёўскай вобласці, пазнаёміцца з патэнцыялам рэгіёна і падзяліцца вопытам», – сказаў ён.

Прымаць сем’і фіналістаў будуць у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Тут удзельнікі праекта і іх групы падтрымкі змогуць пазнаёміцца з навучальным працэсам і экспазіцыямі акадэміі.

Актыўная частка конкурснай праграмы пачнецца 8 ліпеня а 10.00 з ускладання кветак да мемарыяла «Журботная маці». «Акрамя гэтага, адначасова мы ўключым праекты Горак і Александрыі ў маштабную акцыю «Лічбавая зорка» па аблічбоўцы памятных месцаў і месцаў генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А далей моладзь пройдзе да лакацый конкурсных выпрабаванняў», – адзначыў Аляксандр Лук’янаў.

Для сем’яў рыхтуюць насычаную і разнастайную конкурсную праграму. «Па традыцыі яны будуць рыхтаваць дранікі, паспаборнічаюць у хуткасці распілоўвання бярвення, у навыках касьбы і многім іншым. Праграма ў гэты дзень будзе дастаткова шчыльнай. Завершыцца дзень святочнай вячэрай для прадстаўнікоў сем’яў, каб яны змаглі пагутарыць у нефармальнай абстаноўцы», – адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ.

Для фіналістаў праекта таксама прадугледжана серыя майстар-класаў: конны выезд, праца з касой, падрыхтоўка розных нацыянальных страў і даенне кароў.

Фінальныя мерапрыемствы пройдуць 9 ліпеня падчас свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»). Тут сем’і прэзентуюць свае падворкі, прыгажосць і каларыт рэгіёна, які яны прадстаўляюць. Акрамя гэтага, яны наведаюць знакавыя аб’екты Шклоўскага раёна. Сярод іх Трафімава крыніца і школа, у якой вучыўся Аляксандр Лукашэнка.

Рэспубліканскаму сельскагаспадарчаму сямейнаму праекту «Уладар сяла» ўжо больш за 10 гадоў. «З кожным годам ён набывае новыя абрысы. Сёлета ён напоўніцца праектамі, якія, можа быць, не наўпрост звязаныя з жыццём сельскай моладзі. Гэтыя праекты звязаны з Годам гістарычнай памяці. Напрыклад, конкурс па зборы карт-мазаік, дзе будуць прадстаўлены нашы рэгіёны і іх гарады ў выглядзе невялікіх пазлаў. Збіраць гэтыя мазаікі сем’і будуць на час», – адзначыў Аляксандр Лук’янаў.

Для пераможцаў рэспубліканскага праекта прадугледжаны прыемныя падарункі. «Сем’і атрымаюць і надзіманыя басейны, і горкі. На нашым праекце яны змогуць не толькі духоўна ўзбагаціцца, але і ўпрыгожыць падарункамі свае прыдамавыя тэрыторыі, – дадаў першы сакратар. – Упэўненыя, сёлета праект атрымаецца яркім, класным, моладзевым і будзе папулярызаваць жыццё моладзі на вёсцы і далучэнне маладога пакалення да працы».

Сёлета свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») пройдзе ў Шклоўскім раёне 9 ліпеня.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая